«Да адзінства тут далекавата». Што кажуць гісторыкі наконт датаў для новага дзяржаўнага свята

25 лютага беларусам прапанавалі выбраць дату для новага дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. Галасаванку размясцілі на сайце VI Усебеларускага народнага сабрання. З варыянтаў для святкавання — 17 верасня і 14 лістапада. Абедзьве даты звязаныя з 1939 годам і аб’яднаннем Усходняй і Заходняй Беларусі ў БССР у выніку пахода Чырвонай арміі. «Фактычна, нам прапануюць святкаваць пачатак Другой сусветнай вайны», — кажа гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч. Hrodna.life спытаў даследчыкаў міжваеннай гісторыі, што не так з абранымі датамі, і што яны значаць для Беларусі.

Заснаванне новага свята прапісана ў рэспубліканскім плане мерапрыемстваў да года народнага адзінства. Ім, паводле указа Аляксандра Лукашэнкі, прызначаны 2021 год. «Прапрацаваць пытанне» належыць да 1 сакавіка.

Для выбару на сайце прапанаваныя даты і тлумачэнне:

  • 17 верасня. «У гэты дзень у 1939 годзе пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі, у выніку якога адбылося аб’яднанне Заходняй Беларусі і БССР»
  • 14 лістапада. «У гэты дзень у 1939 годзе на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР быў падпісаны закон аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».

Вячаслаў Даніловіч, рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі, тлумачыць патрэбу вызначэння новага свята важнасцю падзей 1939 года і захаваннем гістарычнай памяці. «Гэта неабходна ў сучасных умовах інфармацыйнай гібрыднай вайны, калі спрабуюць фальсіфікаваць і сказіць гістарычныя падзеі. І ў першую чаргу спробам фальсіфікацыі падвяргаюцца як раз падзеі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны, якія мелі велізарнае значэнне для беларускага народа», — цытуе Даніловіча БелТА. Ён перакананы, што менавіта 1939 год адыграў велізарную ролю для гісторыі беларускай дзяржаўнасці.

Не ўсё адназначна

Ігар Мельнікаў, гісторык, даследчык Заходняй Беларусі, мяркуе што абраныя даты для дня адзінства не пасуюць.

«Да святаў тут далекавата, хоць даты ключавыя ў гісторыі. Я асабиста лічу, што без падзеяў верасня 1939 года Беларусі сёння б не было, — расказаў ён Hrodna.life. — Разам з тым, трэба памятаць, якім коштам адбывалася тое аб’яднанне».

Ігар Мельнікаў — гісторык, публіцыст, кандыдат гістарычных навук, аўтар больш чым 100 навуковых і публіцыстычных артыкулаў па гісторыі Беларусі, некалькіх кніг пра Заходнюю Беларусь 1920−40-х гадоў. Тэма яго даследванняў - гісторыя польска-савецкай мяжы ў міжваеннае дваццацігоддзе, Заходняя Беларусь і беларускія жаўнеры ў польскім войску.

Фактычна, нацыянальнае адзінства тады не атрымалася. «Саветы трымалі даваенную мяжу ў выглядзе „зоны загароды“ да чэрвеня 1941 года. Гэта сведчыць пра тое, што не было галоўным [для савецкіх уладаў - заўв. Hrodna.life] аб’яднаць беларусі народ, галоўным было правесці геапалітычныя гульні», — мяркуе гісторык.

«Беларус з Глыбокага не мог паехаць да сваякоў у Бабруйск, бо „віза НКУС жа патрэбна“. Трагедыя чэрвеня 1941-га, калі сотні жыхароў заходніх абласцей БССР не змаглі эвакуіравацца ў тыл з-за памежных КПП на „старой“ мяжы таму пацверджанне», — прывёў прыклад Мельнікаў на сваёй старонцы Facebook.

Пасля 1945 года Беларусь атрымала гэтыя межы, але не ўсё адназначна. Ігар Мельнікаў нагадвае пра чатыры хвалі дэпартацыі з заходніх абласцей БССР, першая з якіх пачалася ўжо ў лютым 1940 года. Сучасныя рускія і некаторыя беларусія гісторыкі зараз кажуць, што гэта былі этнічныя палякі, але там хапала беларусаў, якія сталі ахвярамі гэтых дэпартацый, зазначае спецыяліст.

17 верасня 1939 года. Чырвоная Армія ўваходзіць на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Фота: блог Ігара Мельнікава

«Арышты, рэпрэсіі - да адзінства тут далекавата. Як гісторык у гэтай дыскусіі я бачу вялікі плюс у тым, што грамадства мае нагоду звярнуцца да кніжак па гісторыі вайны і верасня 1939 года. Але адназначна ўспрымаць гэтыя даты не атрымаецца, яны не аб’ядноўваюць беларусі народ, хутчэй матывуюць сучасных беларускіх грамадзян аналізаваць гэтыя падзеі», — мяркуе Ігар Мельнікаў.

Чытайце таксама: Тыдзень уз’яднання і «народная справядлівасць». Што адбывалася ў верасні 1939-га, акрамя рэпрэсій ад саветаў

У якасці магчымай даты для святкавання дня народнага адзінства гісторык прапануе разглядаць 27 ліпеня, калі ў 1990 годзе была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, ці 25 жніўня, калі ў 1991 годзе гэтая дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона.

«Прапануюць святкаваць пачатак Другой сусветнай»

«Гэта поўнасцю ідэалагізаваная прапанова. Сама ідэя святкаваць нацыянальнае адзінства — гэта жаданне стварыць нейкую альтэрнатыву нацыянальнаму руху і таму палітычнаму ўздыму, які мы назіралі летам і восенню, — падзяліўся з Hrodna.life гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч. — Фактычна, нам прапануюць святкаваць пачатак Другой сусветнай вайны».

Андрэй Чарнякевіч — гісторык, кандыдат гістарычных навук, магістр культуралогіі (Варшаўскі ўніверсітэт, Польшча), дактарант універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані. Былы выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, звольнены, меркавана, па палітычных прычынах. Аўтар падручніка «Гродназнаўства», выданняў «Постаці беларускага нацыянальнага руху ў Гродна», «Нараджэнне беларускай Гародні: З гісторыі нацыянальнага руху 1909—1939 гадоў» ды іншых. Тэма навуковых інтарэсаў - беларускі нацыянальны рух, польска-савецкая вайна, гісторыя Гродна.

«Падзеі ў Гродне [1939 года — заўв. Hrodna.life] хутчэй можна акрэсліць як грамадзянская вайна, вельмі крывавыя. Да гэтага часу застаецца недаследаванай постаць Тадзіка Ясінскага».

Чытайце таксама: Тадзік Ясінскі - сімвал ці рэальны герой? 80 гадоў таму пачалася абарона Гродна

«Нам прапануюць святкаваць быццам бы нацыянальнае адзінства, а фактычна, восенню 1939 года Беларусы назаўсёды пазбавіліся Віленшчыны, аказаліся чарговы раз падзеленыя. Гэта будзе выглядаць нават нейкім рэваншызмам, улічваючы сённяшнюю Беласточчыну. Калі мы кажам пра нацыянальнае аб’яднанне, трэба казаць пра Беларусь ад Магілёва да Ломжы і Беластока, а гэта проста абсурд», — нагадвае Чарнякевіч.

Чытайце таксама: Дзесяць малавядомых фактаў пра ўз'яднанне Беларусі 17 верасня 1939

Гэтыя даты ні з пункту гледжання сэнсу, ні з пункту гледжання гісторыі, ні з пункту гледжання маралі не могуць быць святам, перакананы гісторык. «Яны акутаны вялікай колькасцю нявінных ахвяраў. Яны не могуць ніякім чынам аб’ядноўваць беларускае грамадства, але могуць паслужыць яго раз’яднанню. Як мінімум, яны могуць выклікаць розныя асабістыя ўспаміны. Гэта трагічныя падзеі, яны зусім па-рознаму адбіліся на лёсе жыхароў Беларусі. Для часткі грамадства гэта станоўчыя змены, частка ж аказалася ў жудасным стане», — распавёў ён.

Чытайце таксама: Акупацыя ці вызваленне? Што было ў Гродне ў верасні 1939 года: успаміны сведкаў

Андрэй Чарнякевіч мяркуе, што ў гісторыі краіны ёсць даты, якія больш пасавалі б для вызначэння агульнага. На яго думку, варта звяртацца да падзеяў культуры, найноўшай гісторыі - суверэнітэту, незалежнасці, ці часоў сярэднявечча, накшталт каранацыі Міндоўга. «Сучасная гісторыя занадта крывавая і неадназначная, каб вызначаць яе аднолькавым мярылам для ўсіх», — перакананы ён.

У 2015 годзе журналісты апытвалі гродзенцаў, што яны ведаюць пра дату 17 верасня. Вось што тады атрымалася.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024