На пункце пропуску ў Кузніцы (Польшча) памежнікі затрымалі беларуса, які дзесяць гадоў быў у міжнародным вышуку. Яго прыцягнулі да адказнасці за шматлікія рабаванні з ужываннем агнястрэльнай зброі, учыненыя ў Германіі.
17 лютага ў Польшчу паспрабаваў заехаць грамадзянін Беларусі. Пры праверцы высветлілася, што мужчына ў вышуку паводле Еўрапейскага ордэру на арышт. Ён быў уключаны ў еўрапейскія базы асоб, якія адшукваюцца, з 2011 года за злачынствы, учыненыя ў 2009−2010 гадах.
Еўрапейскі ордэр на арышт (EAW) дзейнічае на тэрыторыі ўсіх дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза. Згодна з заканадаўствам, затрыманага павінны перадаць краіне, якая яго запытае, на працягу 90 дзён з дня арышту або на працягу 10 дзён, калі ён сам згаджаецца на экстрадыцыю.
Мужчыну абвясцілі ў вышук нямецкія праваахоўнікі за арганізаваны разбой з прымяненнем агнястрэльнай зброі і крадзяжу. Яму прыпісваюць удзел у 5 нападах на банкі ў Германіі. Згодна з мясцовым законам яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
40-гадовага беларуса пасля выканання неабходных дзеянняў перадалі супрацоўнікам паліцыі ў Саколцы. Далейшыя дзеянні па гэтай справе будзе весці пракуратура ў Беластоку.