72 гадзіны пасля затрымання актывіста ў Лідскім РАУС міналі раніцай 13 лютага. Увечары 12 лютага яго адвялі ў суд, але паседжання не адбылося: Ежы Грыгенчу адпусцілі. Пры гэтым адміністрацыйную справу па арт. 23. 34 КаАП не закрылі і Ежы выклічуць ў Ліду зноў.
Ежы Грыгенчу затрымалі 10 лютага, калі ён прыехаў па позве ў Лідскі РАУС для разбору паводле арт.23. 34 КаАП. Яго пакінулі ў мясцовым ізалятары да суду.
Адміністрацыйную справу завялі пасля вынясення прысуду актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку ў судзе Лідскага раёна 18 студзеня. Тады падтрымаць актывіста сабраліся каля 50 чалавек, у тым ліку і гродзенцы. Прысуд сустрэлі крыкамі «Ганьба!».
Ежы Грыгенча — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яго судзілі па адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, за ўдзел у Маршах недармаедаў, за акцыі пратэсту ў 2020 годзе. На адно з судовых пасяджэнняў яго прыехала падтрымаць Ганна Канапацкая.