Гродзенцы стаміліся чакаць дапамогі камунальнікаў і самі скідваюцца на спецтэхніку. Сярэдняя цана за гадзіну працы — 50 рублёў, але нават прыватнікі не спраўляюцца: не паспяваюць выканаць больш за 2−3 заказы на дзень.

«Учора, на Шчорса, людзі скінуліся. Але мы ўсё роўна зрабілі дамову з таварыствам, бо некаторыя, бывае, тэхніку не аплачваюць нават з дамовамі», — падзяліўся з Hrodna.life Вячаслаў, супрацоўнік адной з фірмаў па арэндзе спецтэхнікі.

"Працуем і дзень і ноч". Як прыватнікі ратуюць Гродна ад снегу
На ачыстку двара і паркоўкі сабралі грошы каля 10 чалавек

Працы ў прыватнікаў шмат. «Уяўляеце, колькі снегу? Чысцім кожны дзень, два-тры выкліку на дзень, больш не паспяваем», — распавёў Вячаслаў. У мінулыя зімы такога, каб выклікалі на ачыстку двароў, не здаралася. Зараз у асноўным выклікі прыходзяць з раёнаў з новымі дамамі, дзе няма ЖЭСаў, а ёсць таварыствы ўласнікаў, яны звычайна і выступаюць заказчыкамі. У больш старыя раёны не клічуць.

Фірме даводзілася чысціць і прыватны сектар, тады тэхніку заказваюць сельсаветы: «Малайцы Падлабенне — людзі скардзіліся, што не могуць даехаць, яны заключылі дагавор, і ўсё, чысценька цяпер, можаце паставіць ім „лайк“».

Зняць ледзяныя нарасты на праездах тэхніка таксама ў сілах, але звычайна просяць менавіта прыбраць вялікі аб’ём снегу. «Здзіраць лёд — доўга, адпаведна, больш па грошах», — распавёў Вячаслаў. Гадзіна ўборкі каштуе 50 р., а расчыстка тэрыторыі, як, да прыкладу, на Шчорса, займае ад двух да пяці гадзін.

"Працуем і дзень і ноч". Як прыватнікі ратуюць Гродна ад снегу
Аплата за прыборку снегу ў прыватнікаў - пагадзінная

У іншай фірме па арэндзе спецтэхнікі кіраўнік распавёў, што працуюць без выходных. «З 26 студзеня, як выпаў снег, кожны дзень у працы, бывае, працуем і дзень, і ноч». У мінулыя зімы такога не здаралася, — не было столькі снегу. Звычайна выклікаюць таварыствы, жыллёва-будаўнічыя вытворчыя кааператывы. Часцей за ўсё клічуць у Альшанку, працавалі і на Дзевятоўцы. Прыватны сектар ачышчалі па заяўцы ад САГ.

«Людзі [у старых раёнах — заўв. Hrodna.life] усё спадзяюцца на дзяржаўныя арганізацыі, што прыедзе, пачысціць САГ», — заўважыў супрацоўнік. У гэтай фірме тры гадзіны працы каштуюць 180 рублёў: гадзіна сыходзіць на дастаўку, а дзве гадзіны працы — мінімальны заказ.

За ачыстку горада ад снегу адказваюць некалькі службаў:

  • вуліцы і выезды з горада — Спецаўтагаспадарка (САГ),
  • ходнікі - Унітарныя жыллёвыя рамонтна-эксплуатацыйныя прадпрыемствы (УЖРЭП) Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў,
  • двары — жыллёва-эксплуатацыйныя службы (ЖЭС) альбо таварыствы ўласнікаў,
  • дарогі ў прыватным сектары горада — «Рамбудаўтадор».

Расчыстку снегу кантралюе нават ДАІ. З пачатку года за парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў ачысткі дарог да адказнасці прыцягнулі 27 службовых асоб дарожных і камунальных службаў Гродзенскай вобласці, 23 з іх — з 25 студзеня. ДАІ выдала 15 прадпісанняў на ліквідацыю хібаў, паведамляла прэс-служба ведамства.

«Нерэальна прыбраць снег напрацягу дня-двух, калі ён суткамі падае», — прызнаваўся яшчэ пасля першых моцных снегападаў супрацоўнік САГ. Тады ў першую чаргу расчышчалі вуліцы. САГу дапамагалі Водаканал і Зелянбуд, тэрыторыі паліклінік чысцілі ваенныя. «Пра свае двары, пад’езды да іх, аўтамабілі людзі могуць паклапаціцца самастойна," — заявіў падчас прамой тэлефоннай лініі намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк.

Даўжэй за ўсё ачысткі чакаюць як раз у дварах. Не дачакаўшыся, людзі дапамагалі сабе самі: гродзенец сёк ледзяныя нарасты ў спальным раёне сякерай, жыхар прыватнай забудовы чысціў дарогу з дапамогай пазадарожніка і самаробнага драўлянага кліну.