Новости

Мінус 2% для опту і 5−6% для розніцы. Як Мінздароўя знізіць кошты ў аптэках, якія падняліся праз Мінфін

Міністэрства аховы здароўя Беларусі прапануе зрабіць лекі танней. Для гэтага вытворцам трэба знізіць адпускныя цэны на 2%, а памер надбавак прыйдзецца паменшыць на 2% на ўзроўні аптовага звяна і на 5−6% - на ўзроўні розніцы. Прапанову чыноўнікі зрабілі ў пачатку лютага, адразу пасля таго, як аптэчныя сеткі скончылі пераацэнку і павысілі цэны з улікам новага падатку на даданую вартасць (ПДВ) у 10%. Падатак увялі з 2021, да гэтага лекавыя сродкі і медыцынскія вырабы ім не абкладаліся. У аптэках кажуць, што многія пакупнікі спрабуюць знайсці лекі «па старых завозах», але іх ужо няма.

«Хтосьці бяжыць шукаць па горадзе старыя завозы, але цяпер ужо, вядома, не знойдзе», — прызнае супрацоўніца адной з гродзенскіх аптэк сеткі «Фармацыя». «Гэта сапраўдны стрэс, людзі бяруцца за галаву», — расказала яна пра рэакцыю гродзенцаў на новыя цэны.

Праўда, па яе словах, падаражанне адбываецца апошнія месяцы тры,
і ў асноўным закранула нават не імпартныя, а беларускія лекі. У прыклад фармацеўтка прывяла мазь ад псарыязу, «Бетасаліцылік», якой, па яе словах, часам трэба мазаць ці не ўсё цела. За апошнія месяцы мазь падаражэла з 6 да 13 рублёў, аб’ём цюбіка — 30 г.

Апошняя пераацэнка ў сувязі з павышэннем ПДВ закранула лекі і са старых паставак. Па словах фармацеўткі, цана вырасла прыблізна на 10%. «Не ведаю, ці правільна гэта, ці спрабуюць нажыцца на людзях. Удзельнічаць у гэтым у любым выпадку непрыемна», — прызнае жанчына.

Фота чытача

Кошты на лекі турбуюць і чытачоў Hrodna.life. 28 студзеня нам скардзіліся, што анансаваны рост цэнаў у аптэках з 1 лютага наступіў раней. «Адказ прадаўца дзівіць: „Мы ж не можам у адзін дзень пераацаніць увесь тавар!“. Таму кошты вырашылі рэгуляваць па сваім меркаванні», — падзяліўся чытач. Ён даслаў фота з аптэкі па вуліцы Ажэшка, каля крамы спорттавараў. На ім бачна, як мянялася цана.

У дзяржаўнай сеткі аптэк «Фармацыя» Hrodna.life адмовілі ў якіх-небудзь афіцыйных каментарах наконт таго, што збіраюцца рабіць з рэкамендацыямі міністэрства. Любы каментар для СМІ «Фармацыя» дае толькі праз ўзгадненне з прэс-сакратаром Міністэрства аховы здароўя, расказалі там.

Як Мінфін увёў падатак, а Міністэрства аховы здароўя пракантралюе цэны

У пачатку студзеня 2021 года Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў тлумачыў, што стаўкі ПДВ на лекі паднялі «для іх упарадкавання ў першую чаргу з Расійскай Федэрацыяй», а «кошты ў аптэках пракантралююць адпаведныя службы — Міністэрства аховы здароўя, МАРГ».

1 лютага Міністэрства здароўя апублікавала сумесныя з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю рэкамендацыі для аптэк. Спасылаючыся на абмежаванне інфляцыі ў 5% у год, вызначанае ўказам прэзідэнта ад 22.12.2020 г. № 481 «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2021 год», Міністэрства аховы здароўя падкрэсліла, што рост коштаў на лекавыя сродкі і медыцынскія вырабы не павінен перавышаць гэты парог. Таксама індэкс спажывецкіх цэнаў на сацыяльна значныя тавары запланаваны на 2021 ў памеры не больш за 4,9% за год. Каб выканаць гэтыя паказчыкі, на думку ведамстваў, аптэкам варта прадастаўляць скідкі і знізіць аптовыя і гандлёвыя надбаўкі. Інакш дзяржорганы, якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэнаў, могуць усталяваць лімітавыя (максімальныя) рознічныя кошты, папярэдзілі ў «тлумачэннях».

Як раз да 1 лютага аптэчныя сеткі мусілі пералічыць адпускныя цэны на лекі і медтэхніку з улікам новага ПДВ. Да 2021 лекі і медыцынскія вырабы, у тым ліку пратэзна-артапедычныя, якія ўвозілі ў Беларусь, вызваляліся ад ПДВ. З 1 студзеня 2021 года стаўку падатку для іх зрабілі на ўзроўні 10%.

2 лютага Міністэрства аховы здароўя ўдакладніла свае прапановы:

  • вытворцам лекаў рэкамендуюць знізіць адпускныя цэны на 2%,
  • памер надбавак паменшыць на 2% на ўзроўні аптовага звяна і на 5−6% - на ўзроўні розніцы.

У Міністэрстве аховы здароўя прызналі, што кошт прэпаратаў часцяком перавышае кошт у рэферэнтных краінах, у тым ліку ў Расіі. Гэта прыводзіць да шэрага імпарту лекаў з суседніх краін. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адзначыў, што нават з нулявой стаўкай ПДВ прэпараты ў Беларусі былі даражэй, чым у краінах, якія ўжываюць ПДВ 10% і нават 20%. Міністэрства аховы здароўя лічыць, што неабходна павышаць празрыстасць фарміравання цэнаў на лекавыя сродкі, і, магчыма, перагледзець заканадаўства.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024