Міністэрства аховы здароўя Беларусі прапануе зрабіць лекі танней. Для гэтага вытворцам трэба знізіць адпускныя цэны на 2%, а памер надбавак прыйдзецца паменшыць на 2% на ўзроўні аптовага звяна і на 5-6% – на ўзроўні розніцы. Прапанову чыноўнікі зрабілі ў пачатку лютага, адразу пасля таго, як аптэчныя сеткі скончылі пераацэнку і павысілі цэны з улікам новага падатку на даданую вартасць (ПДВ) у 10%. Падатак увялі з 2021, да гэтага лекавыя сродкі і медыцынскія вырабы ім не абкладаліся. У аптэках кажуць, што многія пакупнікі спрабуюць знайсці лекі “па старых завозах”, але іх ужо няма.

“Хтосьці бяжыць шукаць па горадзе старыя завозы, але цяпер ужо, вядома, не знойдзе», – прызнае супрацоўніца адной з гродзенскіх аптэк сеткі “Фармацыя”. “Гэта сапраўдны стрэс, людзі бяруцца за галаву”, – расказала яна пра рэакцыю гродзенцаў на новыя цэны.

Праўда, па яе словах, падаражанне адбываецца апошнія месяцы тры,
і ў асноўным закранула нават не імпартныя, а беларускія лекі. У прыклад фармацеўтка прывяла мазь ад псарыязу, “Бетасаліцылік”, якой, па яе словах, часам трэба мазаць ці не ўсё цела. За апошнія месяцы мазь падаражэла з 6 да 13 рублёў, аб’ём цюбіка – 30 г.

Апошняя пераацэнка ў сувязі з павышэннем ПДВ закранула лекі і са старых паставак. Па словах фармацеўткі, цана вырасла прыблізна на 10%. “Не ведаю, ці правільна гэта, ці спрабуюць нажыцца на людзях. Удзельнічаць у гэтым у любым выпадку непрыемна”, – прызнае жанчына.

Мінус 2% для опту і 5-6% для розніцы. Як Мінздароўя знізіць кошты ў аптэках, якія падняліся праз Мінфін
Фота чытача

Кошты на лекі турбуюць і чытачоў Hrodna.life. 28 студзеня нам скардзіліся, што анансаваны рост цэнаў у аптэках з 1 лютага наступіў раней. “Адказ прадаўца дзівіць: “Мы ж не можам у адзін дзень пераацаніць увесь тавар!”. Таму кошты вырашылі рэгуляваць па сваім меркаванні”, – падзяліўся чытач. Ён даслаў фота з аптэкі па вуліцы Ажэшка, каля крамы спорттавараў. На ім бачна, як мянялася цана.

У дзяржаўнай сеткі аптэк “Фармацыя” Hrodna.life адмовілі ў якіх-небудзь афіцыйных каментарах наконт таго, што збіраюцца рабіць з рэкамендацыямі міністэрства. Любы каментар для СМІ “Фармацыя” дае толькі праз ўзгадненне з прэс-сакратаром Міністэрства аховы здароўя, расказалі там.

Як Мінфін увёў падатак, а Міністэрства аховы здароўя пракантралюе цэны

У пачатку студзеня 2021 года Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў тлумачыў, што стаўкі ПДВ на лекі паднялі «для іх упарадкавання ў першую чаргу з Расійскай Федэрацыяй», а «кошты ў аптэках пракантралююць адпаведныя службы – Міністэрства аховы здароўя, МАРГ».

1 лютага Міністэрства здароўя апублікавала сумесныя з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю рэкамендацыі для аптэк. Спасылаючыся на абмежаванне інфляцыі ў 5% у год, вызначанае ўказам прэзідэнта ад 22.12.2020 г. № 481 “Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2021 год», Міністэрства аховы здароўя падкрэсліла, што рост коштаў на лекавыя сродкі і медыцынскія вырабы не павінен перавышаць гэты парог. Таксама індэкс спажывецкіх цэнаў на сацыяльна значныя тавары запланаваны на 2021 ў памеры не больш за 4,9% за год. Каб выканаць гэтыя паказчыкі, на думку ведамстваў, аптэкам варта прадастаўляць скідкі і знізіць аптовыя і гандлёвыя надбаўкі. Інакш дзяржорганы, якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэнаў, могуць усталяваць лімітавыя (максімальныя) рознічныя кошты, папярэдзілі ў “тлумачэннях”.

Як раз да 1 лютага аптэчныя сеткі мусілі пералічыць адпускныя цэны на лекі і медтэхніку з улікам новага ПДВ. Да 2021 лекі і медыцынскія вырабы, у тым ліку пратэзна-артапедычныя, якія ўвозілі ў Беларусь, вызваляліся ад ПДВ. З 1 студзеня 2021 года стаўку падатку для іх зрабілі на ўзроўні 10%.

2 лютага Міністэрства аховы здароўя ўдакладніла свае прапановы:

  • вытворцам лекаў рэкамендуюць знізіць адпускныя цэны на 2%,
  • памер надбавак паменшыць на 2% на ўзроўні аптовага звяна і на 5-6% – на ўзроўні розніцы.

У Міністэрстве аховы здароўя прызналі, што кошт прэпаратаў часцяком перавышае кошт у рэферэнтных краінах, у тым ліку ў Расіі. Гэта прыводзіць да шэрага імпарту лекаў з суседніх краін. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адзначыў, што нават з нулявой стаўкай ПДВ прэпараты ў Беларусі былі даражэй, чым у краінах, якія ўжываюць ПДВ 10% і нават 20%. Міністэрства аховы здароўя лічыць, што неабходна павышаць празрыстасць фарміравання цэнаў на лекавыя сродкі, і, магчыма, перагледзець заканадаўства.