Рэдактар партала newgrodno.by Ігар Бублікаў (Рэмзік) каля 11.00 29 студзеня паведаміў, што ў яго дома праходзіць «ператрус». Ён перастаў здымаць слухаўку і выходзіць на сувязь. У той жа час у офіс рэдакцыі Hrodna.life прыйшоў АМАП. Што ім трэба, пакуль невядома.

Партал newgrodno.by асвятляў акцыі пратэсту, якія праходзілі летам і восенню 2020 года ў Гродне. Ігара Рэмзіка затрымлівалі 9 жніўня і 27 верасня. За першае затрыманне яго асудзілі на штраф, другую адміністрацыйную справу спынілі.

Супрацоўніку крамы «Адметнасць» Сяргея Верамеенкі, які знаходзіцца ў тым жа памяшканні, забаранілі весці трансляцыю пад пагрозай расцаніць гэта як непадпарадкаванне міліцыі. Сярод супрацоўнікаў - Аляксей Вайцешка, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі. Па паведамленнях актывістаў, Сяргея Верамеенку затрымалі.

Журналістаў Hrodna.life таксама затрымлівалі. Руслану Кулевічу зламалі абедзве рукі пры затрыманні 11 жніўня і асудзілі на сем сутак, аднак пазней выпусцілі праз тры дні. Дзве праверкі па адміністрацыйных артыкулах на Алену Кавальчук спынілі.

Версія міліцыі

Супрацоўнікі Ленінскага РАУС Гродна ў ходзе маніторынгу выяўлілі факты захоўвання рэсурсамі Hrodna.life і Newgrodno.by прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай. Гаворка ідзе аб захоўванні матэрыялаў аднаго Telegram-канала, які ў кастрычніку і лістападзе 2020 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны экстрэмісцкім.

Пачаты адміністрацыйны працэс. Супрацоўнікі Ленінскага РАУС пры падтрымцы байцоў АМАП праводзяцца агляды рэдакцыйных памяшканняў Hrodna.life і Newgrodno.by, канфіскацыя аргтэхнікі абедзвюх рэдакцый для яе далейшага накіравання на экспертызы.

Паводле арт.17.11 КаАП рэдакцыям пагражае штраф у памеры да 500 базавых велічынь, а таксама канфіскацыя прадметаў і прыладаў здзяйснення правапарушэнняў.

Чытайце таксама: Агляд у рэдакцыі Hrodna.life скончыўся. Канфіскавалі тэхніку, кнігі і гульні