Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон, які спрашчае працаўладкаванне лекараў з Беларусі, Украіны, Расіі і іншых краін, якія не ўваходзяць у Еўразвяз. Закон уступіў у сілу 30 снежня 2020 года, паведамляе Euroby.info.

Згодна з новым законам, лекар-замежнік можа працаваць у Польшчы па спецыяльнасці без настрыфікацыі дыплома (няма неабходнасці пацвярджаць дыплом лекара), не трэба праходзіць паслядыпломную стажыроўку, а таксама не патрабуецца здача экзамену LEK/LDEK. Такім чынам, дакумент уносіць змяненні ў шэраг папярэдніх заканадаўчых актаў. Удакладняецца, што гэта зроблена ў мэтах забеспячэння медыцынскіх кадраў у перыяд аб’яўленай надзвычайнай эпідэмічнай сітуацыі, або стану эпідэміі.

Дакументы, неабходныя замежніку для працы лекарам у Польшчы:

  • заява на імя Міністра аховы здароўя,
  • заява аб веданні польскай мовы на ўзроўні, які дазваляе выконваць прафесійную дзейнасць,
  • даведка ад польскага працадаўцы з пералікам устаноў аховы здароўя наймальніка, перыядам працы і указаннем медыцынскай галіны, у якой будзе заняты лекар,
  • дакументы, якія пацвярджаюць 3-гадовы стаж працы на працягу апошніх 5 гадоў на пасадзе спецыяліста, на якога прызначаецца ў Польшчы
  • дыплом аб вышэйшай адукацыі лекара (навучанне ў вну не менш за 5 гадоў) або дыплом, які пацвярджае атрыманне званне медыцынскага спецыяліста. Дыплом трэба запэўніць ў консула Польшчы ў краіне, дзе праходзіла навучанне. Беларускі дыплом завяраецца ў польскім консульстве ў Беларусі.
  • дакументы аб дзеяздольнасці, здароўі, этычных якасцях, якія пацвярджаюць праходжанне медпадрыхтоўкі адпаведнай праграме навучання ў Польшчы.*

*Пералік канкрэтных дакументаў у апошнім пункце патрабаванняў будзе апавяшчацца дадаткова Міністрам аховы здароўя ў спецыяльным інфармацыйным бюлетэні.

Закон выклікаў абурэнне ў шэрагах польскіх медыцынскіх спецыялістаў, у прыватнасці супраць закона выступае незалежны ад дзяржавы прафсаюз лекараў (Naczelna Izba Lekarska). Пасля падпісання закона прафсаюз звярнуўся да сваіх калег з просьбай не дапусціць спрошчанага падыходу да прыёму на працу новых спецыялістаў.

5 лістапада Лукашэнка заявіў у адрас медыкаў, якія з’язджаюць на заробкі ў Польшчу: «Але трэба разумець: з’ехаў — назад не вернешся. Там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, за якімі ты з’ехаў. Гэта не пагроза, гэта загад для ўрада. Таму ўсіх трэба ставіць на месца, нічога не перашкаджаючы, нікому не перашкаджаючы у выпадку, калі ён хоча вялікага рубля ці ў яго вочы пазелянелі ад валюты». Пазней ён патлумачыў, што супраць таго, каб беларусы, якія жывуць за мяжой, прыязджалі ў Беларусь па медыцынскае абслугоўванне або адукацыю.