На Новы год Савецкую плошчу зноў абгародзяць і зладзяць кантрольна-прапускныя пункты. На свята не пусцяць са зброяй, на роварах, з бела-чырвона-белымі сцягамі і нечым, што можа «негатыўна паўплываць на мерапрыемства».

Абгароджа і КПП на Новы год у Гродне. На свята не пусцяць з жывёламі і бела-чырвона-белымі сцягамі
На свята на Савецкай можна будзе трапіць праз КПП

Зайсці на Савецкую і выйсці можна будзе праз турнікеты. Ля іх будуць праводзіць асабісты дагляд грамадзян, паведамілі у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Удзельнікам мерапрыемства забаронена мець пры сабе:

  • халодную, агнястрэльную, газавую або іншую зброю,
  • выбуховыя рэчывы і боепрыпасы, іх імітацыю і муляжы,
  • спецыяльна вырабленыя або прыстасаваныя прадметы, якія могуць прадстаўляць пагрозу жыццю і здароўю людзей ці прынесці матэрыяльную шкоду,
  • спіртныя напоі,
  • піратэхніку.

Не прапусцяць на свята людзей з хатнімі жывёламі, на роварах і ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

Таксама забаранілі прыносіць на плошчу і выкарыстоўваць бела-чырвона-белыя сцягі, экстрэмісцкую сімволіку і «іншыя прадметы, якія могуць аказаць негатыўны ўплыў на правядзенне мерапрыемства». Забарону патлумачылі палітычнай сітуацыяй у краіне.

Гродзенская міліцыя нагадала, што на свяце неабходна будзе захоўваць грамадскі парадак і выконваць «усе законныя патрабаванні» арганізатараў, міліцыі і людзей, якія ахоўваюць грамадскі парадак.