Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) прыпыніла працу 10 крамаў сеткі «Святлафор» з 30 снежня 2020 года па 29 студзеня 2021. Прычына — парушэнні заканадаўства аб гандлю, піша БелТА.

Сярод закрытых аб’ектаў - гродзенская крама на вуліцы Санаторнай 1/34. Усяго ў Гродне тры крамы сеткі, дзве астатнія працягваюць працу. Пасля ліквідацыі парушэнняў закрытым крамам можна будзе звярнуцца з хадайніцтвам аб датэрміновым аднаўленні працы.

МАРГ праводзіць выбарачныя праверкі ТАА «ЛенПродуктСервис» і ТАА «МосПродуктСервис», якія прадстаўляюць сетку «Святлафор». У асобных крамах у абласных цэнтрах і Мінску выявілі парушэнні. Напрыклад, не выконваўся асартыментны пералік тавараў, прадавалася прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

«Юрыдычныя асобы былі загадзя апавешчаныя аб тым, што праверкі будуць. Яшчэ ў пачатку другога паўгоддзя план праверак быў размешчаны на сайце Камітэта дзяржкантролю, дзе з ім можна было азнаёміцца», — распавёў начальнік аддзела каардынацыі кантрольнай дзейнасці МАРГ Кірыл Слабко. Ён патлумачыў, што МАРГ дадаткова паведаміла, што праверкі пачнуцца ў лістападзе, але ніякіх мераў для ліквідацыі парушэнняў прынята не было.

Крамы сеткі «Святлафор» — дыскаўнтэры. У продажы прадстаўлены тавары паўсядзённага попыту па больш нізкіх цэнах, тавары ў гандлёвай зале выкладзеныя, як на складзе. Пастановай МАРГ ад 19 лістапада 2020 года № 74 вызначаны асобны, звужаны асартыментны пералік тавараў для такіх крамаў.

У сакавіку 2020 Міністэрства гандлю Беларусі ўжо праводзіла расследаванне дзейнасці расійскіх дыскаунтэраў «Святлафор». Яго пачалі пасля заявы Асацыяцыі рознічных сетак аб тым, што сетка не прытрымліваецца асартыментных спісаў тавараў, выкарыстоўвае непразрыстыя схемы набыцця і апускае цэны ніжэй за рынкавыя, каб выціснуць канкурэнтаў.