Аднапавярховы гандлёвы цэнтр з’явіцца ў мікрараёне Альшанка-3. Там будзе вялікая прадуктовая крама і зоны продажу нехарчовых тавараў. Грамадскія абмеркаванні аб’екта пачнуцца 6 красавіка. А вось гандлёвы цэнтр з грамадскім харчаваннем у Грандзічах-2 ужо будуюць.

Новы ГЦ на Альшанцы

Шматфункцыянальны будынак грамадскага прызначэння ў Альшанцы праектуюць аднапавярховым, з падвалам, піша канал Urban Hrodna. Яго агульная плошча будзе 724,96 кв. м. Гандлёвая зала прадуктовай крамы зойме 303,38 кв. м. Таксама там будуць гандлёвыя зоны па продажы нехарчовых тавараў.

Праекціроўшчыкі прадугледжваюць безбар’ернае асяроддзе. Плошча азелянення складзе 1126,9 кв. м. Праекціроўшчык і будаўнік ГЦ — гродзенская будаўнічая кампанія «ТапазЗахадІнжынірынг».

На Альшанцы і ў Грандзічах пабудуюць новыя гандлёвыя цэнтры. Глядзіце, якімі яны будуць
Новы гандлёвы цэнтр з’явіцца ў жылой забудове, каля жылых дамоў № 8 і № 16 па вуліцы Францішка Багушэвіча. Фота: Urban Hrodna

Грамадскія абмеркаванні праекта пройдуць з 2 па 26 красавіка 2022 года. Заўвагі і прапановы прымаюць:

  • Гродзенскі гарвыканкам (пл. Леніна, 2/1, 230 023; gorisp@gorod.grodno.by; сервіс «Электронныя звароты» на сайце),
  • Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама (пл. Тызенгаўза, 3, 230 023; arhitektura@gorod.grodno.by).

Паглядзець праект можна да 16 красавіка (па буднях з 8.00 да 17.00) ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама (пл. Тызенгаўза, 3).

Прэзентацыя праекта адбудзецца 6 красавіка ў 15.00 у кабінеце № 1 (1 паверх) у будынку ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Чытайце таксама:

У Грандзічах-2 з’явяцца прадуктовая і прамтаварная крамы і грамадскае харчаванне

Гандлёвы цэнтр у мікрараёне Грандзічы-2 ужо пачалі будаваць. Участак пад будаўніцтва плошчай 1,1525 га выкупілі 17 верасня 2019 года за 72,9 тыс. рублёў. Тады гэта было 35,7 тыс. долараў.

Чытайце таксама: Детского садика уже не хватает. Что в Грандичах достроят до 2025 года

На Альшанцы і ў Грандзічах пабудуюць новыя гандлёвыя цэнтры. Глядзіце, якімі яны будуць
План Грандичаў-2. Фота: newgrodno.by

Па ўмовах аўкцыёну ў гандлёвым цэнтры павінны размесціцца харчовая і прамтаварная крамы, аб’екты грамадскага харчавання, а таксама аб’екты бытавога абслугоўвання і адміністрацыйна-дзелавога прызначэння.

Гандлёвая плошча прадуктовай крамы павінна быць не менш за 400 кв. м, прамтаварнай — не менш за 850 кв. м. У аб’ектах грамадскага харчавання па плане мусіць быць 100−150 пасадачных месцаў. Пераможцу аўкцыёну абавязалі пакрыць страты сельскагаспадарчай вытворчасці з-за канфіскацыі зямлі - 35,9 тыс. рублёў.

Будынак будзе прастакутным, яго памеры складуць 32 м на 70 м, піша newgrodno.by. У гандлёвым цэнтры будзе некалькі уваходаў - з пешаходнай зоны, паркоўкі і ад прыпынку. Згодна з пашпартам будаўніцтва, будынак павінны завяршыць у студзені 2023 года.