Беларусь можа наладзіць вытворчасць уласнай вакцыны ад каранавіруса. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з калектывам 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя Н.Е.Саўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Лукашэнка растлумачыў, што цяпер разглядаюцца тры асноўных варыянты процідзеяння распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі: закупка расійскай вакцыны, арганізацыя ў Беларусі вытворчасці вакцын з расійскага штаму, а таксама распрацоўка ўласнай вакцыны.
«Я не выключаю, што нам прыйдзецца задзейнічаць усе тры варыянты. Нам трэба будзе купіць вакцыну, каб тэрмінова правакцынаваць групу рызыкі (гэта лекары і медсёстры перш за ўсё). Нам нядрэнна было б наладзіць вытворчасць. Справа нават не ў тым, што мы потым зможам прадаць яе, але трэба для сябе і сваіх людзей вырабіць вакцыну. Таму пойдзем усімі гэтымі напрамкамі. І калі напрацоўкі нашых навукоўцаў апынуцца сур’ёзнымі, будзем займацца ўласнай вакцынай,» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, расійскі бок гатовы прадаставіць Беларусі ўсё неабходнае, каб наладзіць тут вытворчасць вакцыны.
«Чаму я не выключаю вытворчасці ўласнай? Я перакананы, што гэтая зараза (каранавірус — БЕЛТА) застанецца з намі назаўжды. Таму нам патрэбна будзе вакцына. І не толькі сёння-заўтра, але і паслязаўтра, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Калі мы навучымся вырабляць самі, атрымаем вопыт, значыць, у нас будуць добрыя спецыялісты, навукоўцы, добрыя медыкі, і ахова здароўя такім чынам будзе развівацца. Наогул біятэхналогіі - гэта вялікая перспектыва», — падкрэсліў ён. Прапановы па вырабе ўласнай вакцыны Лукашэнку прапанавалі спецыялісты з Віцебска і навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў свеце зараз вядзецца барацьба за распрацоўку і вытворчасць вакцыны.
«Мяне што насцярожвае ў гэтай вакцыне — бойка за грошы. У гэтым круцяцца мільярды долараў, і ўсе пачалі біцца за гэтыя грошы, часам грэбуючы адказнасцю і за вакцыну, і тых людзей, якія ў дадзеным выпадку на выпрабаваннях», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Усе пазначаныя варыянты плануецца абмеркаваць 17 снежня на ўзроўні кіраўніка дзяржавы з удзелам зацікаўленых бакоў.