Гродзенец Яўген Дудкін просіць растлумачыць умовы вывешвання для сушкі адзення бел-чырвона-белай расфарбоўкі на зашкленым балконе, каб не парушаць закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Для гэтага ён стварыў петыцыю, якую адправіць у Гродзенскія аблвыканкам і гарвыканкам. Яе можна падпісаць да 12 снежня.
Яўген Дудкін спаслаўся на дакумент «ЖЭУ № 3 Першамайскага раёна горада Мінска» за 04 снежня 2020 года, у якім жыхару кватэры па вуліцы Кедышка ў Мінску прадпісвалася «прыбраць сцяг бел-чырвона-белай расфарбоўкі». Сцяг палічылі пікетаваннем без дазволу Мінгарвыканкама.
Яўген Дудкін просіць растлумачыць, як сушыць рэчы на балконе, каб гэта не стала пікетам. У прыватнасці, ён спытаў:
- Якія канкрэтна рэчы ўваходзяць у спіс забароненых бел-чырвона-белай расфарбоўкі (іншых прадметаў з аналагічнай расфарбоўкай) для дэманстрацыі грамадзянам (памеры, формы, якасць тканіны, краіна вытворца, ніжняе, верхняе)?
- Ці маецца ўсталяваны ліміт рэчаў для вывешвання для сушкі рэчаў на зашклёным балконе, у якой чарговасці забараняецца вывешваць?
- У якія дзяржаўныя органы ўлады па месцы жыхарства я павінен звяртацца за падрабязнай інфармацыяй і тлумачэннем нюансаў, звязаных з рэалізацыяй свайго права па вывешванні?
- Ці неабходна загадзя перад вывешваннем рэчаў для сушкі на балконе паказваць час пачатку сушкі і канец? Што рабіць, калі сушка не дасягнула свайго выніку пры стандартным надвор'і, ці будуць прымацца нейкія санкцыі з боку дзяржавы?
- Як быць з асабістымі рэчамі народнага характару з бел-чырвона-белай расфарбоўкай (з беларускага лёну вышыванкай): ці будзе мой выхад на зашклёны балкон ці на двор уласнага дома, у цэнтр горада лічыцца парушэннем парадку правядзення пікетавання, з’яўляючыся ўдзельнікам такога мерапрыемства, пры адсутнасці ў гэтых дзеяннях складу злачынства?
У выпадку «адказу не па сутнасці, адпісак і ў невядомы тэрмін» ён плануе накіраваць у пракуратуру.