Гродзенцы ў нядзелю 6 снежня збіраліся на маршы ў розных частках горада. Праваабаронцам «Вясны» вядома мінімум аб чатырох затрыманых. У 13.00 6 снежня таксама затрымалі двух журналістаў БелаПАН — Марыну Харэвіч і Сяргея Людкевіча.

На вул.Кляцкова людзі, якія прадставіліся дружыннікамі, паклалі на зямлю хлопца з бел-чырвона-белым сцягам. Яго забрала міліцыя. Пазней «дружыннік» паказаў пасведчанне і прадставіўся супрацоўнікам міліцыі.

На Скідзельскім рынку, дзе анансавалі збор людзей, дзяжурыў аўтазак. Пазней аўтазак і аўтобус, у якім звычайна перасоўваюцца сілавікі, пад’ехалі на вул. Кастрычніцкую. Тады каля дзесяці гродзенцаў стаялі каля ГЦ «Нёман» і выкрыквалі «Жыве Беларусь!».

Каля елкі на Савецкай плошчы вадзілі карагод.

Адзіночны пікет правёў жыхар Дзевятоўкі. Таксама чыталі паведамілі аб затрыманні каля 11.00 каля міні-рынку «Дзевятоўка». Адтуль жыхары мікрараёна планавалі пачаць шэсце. «У 11 пад’ехалі два бусы да прыпынку і пабеглі да пошты, чамусьці менавіта дзяўчыну схапілі. <…> Яе неслі трое людзей, апранутых у спартыўныя штаны, красоўкі і куртку, на рукаве якой напісана „АМАП“. Людзей, якія на прыпынку чакалі аўтобус, прасілі пакінуць прыпынак».

Гродзенку Алену Ханіну затрымалі, калі яна вярталася пасля дваровага маршу з крамы з прадуктамі, паведаміла яе дачка Hrodna.life. Гродзенку адпусцілі, склаўшы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт 23.34 КаАП — Парушэнне парадку правядзення ці арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Супрацоўнікі РАУС канфіскавалі тэлефон.

Журналістаў БелаПАН адпусцілі з РАУС без складання пратаколу.

«Нядзеля прайшла досыць спакойна: істотна знізілася колькасць пратэстных акцый і колькасць іх удзельнікаў. <…>

Усяго ўчора па краіне за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях у месцы ўтрымання затрыманых змешчаныя 344 чалавекі. Некаторыя з затрыманых раней ужо прыцягваліся да адказнасці за ўдзел у вышэйзгаданых мерапрыемствах", — піша МУС Беларусі.