Узвядзенне новага азотнага комплексу «Гродна Азот» можа пачацца ў 2021 годзе. Дакладныя тэрміны пакуль невядомыя, але ў Мінбудархітэктуры разлічваюць, што праект стартуе ў наступным годзе, перадае reform.by.
«Хацелася б, каб у наступным годзе. Нейкай больш канкрэтнай інфармацыі я сказаць не магу, але мы плануем, што ўжо ў наступным годзе прыступім да актыўнай фазы будаўніцтва гэтага аб’екта», — сказаў у эфіры «Беларусь-1» міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч.
Паводле яго слоў, на азотным комплексе ў перспектыве плануецца задзейнічаць вялікую частку будаўнікоў, якія вызваляюцца па меры завяршэння работ на БелАЭС.
У лютым гэтага года ААТ «Гродна Азот» папярэдне вызначылася з падрадчыкам на будаўніцтва новага азотнага комплексу. Да працэдуры паляпшэння прапановы была дапушчана італьянская кампанія TECNIMONT S. p. A.
Праект будаўніцтва новага азотнага комплексу папярэдне ацэньваўся ў 1,2 млрд долараў. Яго плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да 2025 года. Новы комплекс дазволіць вырабляць 1,25 млн тон азотных угнаенняў у год.
Работнікі завода: «Гэта немагчыма»
Пра азотны комплекс раней выказаўся супрацоўнік заводу Уладзімір Жураўка:
— Амаль 15 гадоў працую — амаль 15 гадоў чую пра гэты комплекс. Такія казачныя грошы на яго патрэбныя, што проста нерэальна. Я ведаю каштарыс і сумы — яны былі непад’ёмнымі для дзяржавы, нават калі ў нас усё было добра. Абавязкова павінны былі быць інвестары, але ўмовы для іх былі не вельмі камфортныя. Гэта казка, гэта недасяжна — пры гэтай уладзе дакладна.