Нягледзячы на каронавірус і палітычны крызіс, Гродна рыхтуецца да Новага года. У горадзе будзе 9 навагодніх ёлак і 88 святладынамічных канструкцый. Яны з’явяцца не толькі ў цэнтры, але і ў спальных раёнах горада.

Асаблівую ўвагу плануюць надаць плошчы Леніна і парку Жылібера. Бліжэй да Калядаў пры ўваходзе ў парк з боку плошчы Леніна з’явіцца святлодынамічная канструкцыя вышынёй чатыры метры, расказаў галоўны інжынер «Гродногорсвета» Аляксандр Трафімовіч на «Гродно Плюс». Хутчэй за ўсё гэта будзе ўваходная арка. На яе стварэнне сышло больш тры месяцы.

Плошчу Савецкую плануюць прадставіць у іншым фармаце. «Прыедуць не толькі горсветаўскія цацкі, прыедуць прыватныя асобы і будзе цэлы гарадок. З’явяцца новыя свечкі, цацкі ў парку Жылібера ў цікавым выкананні. Ідзе год Быка, і без гэтага сімвала мы ніяк не абыдземся. Новыя металічныя бліскучыя цацкі ўбачыце на плошчы Леніна», — паабяцаў Трафімовіч.

Да новага года ў Гродне ўсталююць больш за 15 кіламетраў гірляндаў: гэта будуць святлодынамічныя стужкі і гнуткі неон. Упрыгожаць і ўезды ў горад.