Раніцай 9 лістапада ў сеціве з’явілася інфармацыя аб праблемах на «Гродна Азот», а менавіта — спыненні цэха «Аміяк-4». Ноччу над цэхам гарэў факел.
На прадпрыемстве пацвердзілі спыненне цэха. Гэта адбылася ў 05:30. Праз праблемы ў тэхналагічным працэсе аддзялення ачысткі канвертаванага газу спыніўся кампрэсар сінтэз-газу ў цэху «Аміяк-4» са скідам АВС (азотна-вадароднай сумесі) на факел.
«У цяперашні час вядуцца працы па наладжванні тэхналагічнага працэсу і далейшага пуску цэха ў працу. Пагрозы гораду, экалогіі, жыхарам і работнікам прадпрыемства няма», — падкрэсліла афіцыйнае выданне прадпрыемства.
Рамонтныя работы ў цэху «Аміяк-4» адбываліся з 18 верасня цягам 25 сутак.
Што адбываецца на «Азоце»
Раніцай 26 кастрычніка некаторыя работнікі «Азота» падтрымалі агульнанацыянальны страйк. Ля прахадной «Гродна Азот» сабраліся каля сотні чалавек: рабочыя і гараджане, якія прыехалі іх падтрымаць. Рабочыя двух цэхаў адмовіліся прымаць змены. Сілавікі затрымалі 32 чалавекі. Рабочыя распавядалі пра пагрозы і абразы з боку сілавікоў. Частка работнікаў працягваюць страйкаваць да гэтага часу, ёсць няпоўныя змены.
Цяпер актывісты «Гродна Азоту» пры падтрымцы ініцыятывы «Честные люди» збіраюць заявы ад тых, хто хацеў бы далучыцца да стачкі, але баіцца рабіць гэта публічна з-за невялікай колькасці чалавек у ёй. Завадчане могуць адпраўляць свае заявы праз спецыяльны чат-бот да 10 лістапада. Калі да гэтай даты такіх заяў будзе 500 і больш, прадстаўнікі страйкаму звяжуцца з ахвочымі і дапамогуць ім з уступленнем, калі менш, то заявы «будуць цалкам выдалены з сістэмы, і ніхто пра іх не даведаецца».
Тым не менш некаторыя завадчане адразу аб’яўляюць аб уступленні ў стачку. За апошнія чатыры дні такіх было трое. Некаторых ужо звольнілі.
На прадпрыемстве ў некаторых цэхах абвастраецца сітуацыя з кадрамі: змены ўкамплектаваныя не цалкам. Пра гэта кажуць і самі работнікі, і кіраўніцтва завода. Аднак другія недахоп людзей на зменах звязваюць у першую чаргу з эпідэміяй каронавіруса, маўляў, многія на бальнічным.
«Нафтан» прислал сменщиков на Гродно Азот «из-за сложной эпидимеологической ситуации«
Замену работнікаў «Гродна Азота», якія ў стачцы, шукалі на Гомельскім хімзаводзе, на «Могилевхимволокне» і на «Нафтане». Паводле стачкама, адміністрацыя звярталася і да былых работнікаў прадпрыемства. У стачкаме неаднаразова выказвалі асцярогу, што з-за недахопу кваліфікаваных работнікаў могуць з’явіцца праблемы ў працы прадпрыемства і ў выпадку аварыйнай сітуацыі.