Як таксісты, «змагар» Павел і праціўніца перамен Ганна Міхайлаўна, размаўляюць са сваімі пасажырамі пра палітыку — у інтэрнэце з’явіўся новы дакументальны фільм «Беларусь: маршрут перабудаваны», піша «Наша Н**а». Яго аўтар, Максім Швед, зняў размовы яшчэ ў нявінныя перадвыбарныя часы, а 10 жніўня рэжысёра жорстка затрымалі. У выніку ён пяць сутак правёў у турме ў Жодзіна.
Перадусім Максім вядомы рэзанансным фільмам «Чыстае мастацтва» пра, здавалася б, жэс-арт, а насамрэч — пра гнятучую атмасферу ціску ў нашай краіне. Пасля прэм’еры «Маршрута» журналіст «Нашай Н**ы» пагутарыў з рэжысёрам пра затрыманне АМАПам, ці часта ў таксі размаўляюць пра палітыку і як ён усё кінуў дзеля кіно.
— Ты быў затрыманы 10 жніўня, калі яшчэ здымаў фільм, прэм’ера якога адбылася 18 кастрычніка. То-бок ты выйшаў пасля пяці дзён пекла ў Жодзіна і метадычна пачаў манціраваць?
— Не скажу, што ў Жодзіна было пекла — там, дарэчы, было больш-менш. Мне трэба было здаць фільм 20 жніўня, калі выбары пройдуць, але цікавасць да іх, як мы спадзяваліся, яшчэ застанецца. Я думаў, усё будзе як звычайна: вынікі сфальсіфікуюць, тыдзень нешта павіруе і ўсё, але ўжо падчас здымак стала зразумела, што так проста гэта не скончыцца. Апошні здымачны дзень павінен быў быць у дзень выбараў, але мы з рэдактаркай вырашылі, што трэба працягваць здымаць, хоць я, шчыра кажучы, не вельмі хацеў. Уначы на 11-е мяне затрымалі, а калі я выйшаў і трошкі апрытомнеў, мы сталі працаваць далей, хаця разумелі, што цяпер шмат хто будзе здымаць, а наш фільм варты менавіта праз тое, што фіксуе перадвыбарны час.
— Паводле твайго асабістага досведу ці можна сказаць, што затрыманне беларускім АМАПам пасля выбараў 2020 года — гэта траўма на ўсё жыццё?
— Канечне, гэта траўма. Ці на ўсё жыццё, не ведаю, але я дакладна буду памятаць той дзень і суткі ў Жодзіна заўсёды — гэта ні з чым непараўнальны досвед. Карціна свету рэальна пахіснулася: у галаве дагэтуль не ўкладваецца, што да чалавека могуць так ставіцца, што такое можа быць у XXI стагоддзі. Тое, што ў цябе траўма, пакуль нават складана ўсвядоміць. Калі я выйшаў з Жодзіна, валанцёры запыталіся, ці патрэбная мне псіхалагічная ці медычная дапамога, шнуркі, кава, а я кажу: «Ды не, не трэба, у мяне ўсё супер, я ў парадку». І толькі потым зразумеў, што гэта быў шокавы стан, канечне, мне патрэбна была рознага кшталту дапамога. Проста яшчэ гадзіну таму я быў у турме і не ведаў, што са мной увогуле будзе, нават не спадзяваўся, што звонку мяне нехта чакае, у камеры мы абмяркоўвалі, як будзем дабірацца да дому, таму падалося, што цяпер-та ў мяне ўсё добра. Але нават сёння я не ведаю, як адказаць на пытанне, бо мы ўсе яшчэ ўнутры сітуацыі. Для грамадства гэта, канечне, вялікі боль, мы будзем доўга яго перажываць. Мой сябар напаўжартам кажа, што апошнія падзеі ў якасці нацыянальнай траўмы перакрыюць Другую сусветную вайну.
— Ты быў затрыманы, калі падзеі толькі пачыналіся, і пяць дзён правёў без аніякай інфармацыі. Што, як ты думаў, адбываецца на свабодзе?
— Інфармацыйная ізаляцыя — адзін з самых цяжкіх момантаў. Праз некалькі дзён да яе прызвычайваешся, але нейкая ломка ёсць, таму ў турме ўвесь час размаўлялі — стаяў гул, не было ніводнай хвіліны цішыні, нават ноччу знаходзіліся ахвотныя пагутарыць. Было вельмі цікава, што адбываецца на волі, мы яшчэ не ведалі, напрыклад, што забіты Тарайкоўскі. Мы спрабавалі нешта дазнацца ў баландзёраў, якія насілі ежу, і чапляліся за самыя дробныя чуткі, абмяркоўвалі дэталі. 11 жніўня да нас «дасялілі» новых затрыманых, якія распавялі, што супраціў працягваецца, падняліся раёны, і гэта нас, вядома, натхніла. Потым быў суд, і пасля яго пачалі выпускаць людзей, але неяк несістэмна: тыя, каму давалі пятнаццаць сутак, выходзілі, а тыя, хто адседзеў свае тры, мог застацца. Мы пачалі абмяркоўваць, па якіх крытэрыях прымаюцца рашэнні, хаця зразумела, што іх не было. Потым нехта сказаў: «А можа, нашы перамаглі», — і ўсе зарагаталі, настолькі гэта здавалася немажлівым варыянтам. Асабіста я думаў, што людзі трошкі пабунтавалі і ўсё, я выйду і буду далей жыць пад дыктатурай. А ў выніку я ўбачыў сцягі, людзей у ланцугах, надпісы на сценах, у мяне на раёне было напісана «Лукашэнку ў адстаўку» — я глядзеў на ўсё гэта з адкрытым ртом.
— Колькі матэрыялу цяпер было б для твайго фільма пра жэс-арт…
— Калі я рабіў «Чыстае мастацтва», польскія прадзюсары думалі, што гэта ў нас такі пратэсны двіж — кожную ноч хтосьці дзесьці нешта піша. Але тады гэта было больш марай, чым рэальнасцю, я б не паверыў, што некалі ў нас сапраўды так будзе.
— Твой фільм пра размовы з таксістамі выклікае настальгію па тых нявінных часах перад выбарамі. Па матэрыяле, які ўвайшоў, а тым больш не ўвайшоў у карціну, як беларусы змяніліся за апошні час?
— Яшчэ пакуль фільм здымаўся, у нашай свядомасці шмат змянілася, мы сталі больш адкрыта выказваць сваё меркаванне, хоць, канешне, выглядаем трошкі наіўна з тымі нашымі спадзевамі. А пасля атрыманай траўмы тым больш людзі не тое каб не баяцца — ім папросту нельга баяцца.
— А ці змяніўся нехта з галоўных герояў — Павел альбо Ганна Міхайлаўна?
— Мы адмыслова ў канцы паказалі Ганну, якая стаіць на сваім. Яе светаўяўленне хутчэй за ўсё не зменіцца. Як адна пасажырка ў фільме сказала: некаторым людзям камфортна са сваім меркаваннем, яны не жадаюць бурыць свой свет. У пэўны дзень Міхайлаўна ўсім узгадвала пасажырку, якая галасавала за Ціханоўскую, але з-за бунтаў вырашыла, што, можа, і не варта было. Яна казала пра яе, каб знайсці аднадумцаў, хто адкажа: «Я таксама лічу, што ўсё гэта дарэмна, яны такія казлы». Тыя, хто не адгукаўся, яе проста не цікавілі. І Павел не змяніўся, хоць у нейкім сэнсе мы ўсе эвалюцыянавалі.
— Гэта ў межах фільма, але, можа, ты камунікаваў з героямі пасля здымак?
— Я з’ездзіў да Міхайлаўны паказаць фільм. Яна глядзела і калі чула меркаванне, падобнае да яе, адразу такая: «О! Вось гэты добра кажа, паслухайце», — а астатніх проста ігнаравала альбо называла п’яным, дзікім ці дурным. Калі ў Пашы зламаўся гудок, яна сказала: «Во, Бог пакараў», — Міхайлаўна ўся ў гэтым. Але большасць яе каментароў была прысвечана таму, як яна выглядае, — якая ў яе паходка і які макіяж. Пасля прагляду яна сказала: «Ну што я бачу — бачу не вельмі адукаваную кабету, якая не ўмее добра гаварыць, але такое жыццё: я заўсёды працавала, калі мне было тыя кнігі чытаць».
— Ці ўвогуле складана было патрапіць на размовы пра палітыку ў таксі?
— Першы ўладальнік парка таксі, да якога я звярнуўся, сказаў, што паводле правілаў іх кіроўцы не могуць падтрымліваць размовы пра рэлігію і палітыку, хоць гаварыць пра палітыку людзі ўвогуле сталі часцей. У іншым таксапарку ўладальнік прапанаваў, што ён паездзіць і цягам дня папытацца ў людзей, ці хацелі б яны, каб іх здымалі, і большасць адказала адмоўна. Але ён жа не рэжысёр, можа, ён не ведаў чароўных слоў.
— І што гэта за чароўныя словы?
— Мы папрасілі, каб таксісты задавалі пытанне: «Які ў вас настрой перад выбарамі?». Яно камфортнае, нікога ні да чаго не прымушае, калі чалавек хоча выказацца на гэтую тэму, то выкажацца. У выніку мы знялі больш за 35 чалавек.
— Некаторых пасажыраў ты запрашаў адмыслова. Ці не падаецца табе, што гэта робіць фільм штучным?
— Мне так не падаецца, але я ўжо сутыкнуўся з такім фідбэкам, што мяне не вельмі радуе. Давайце глядзець на гэта як на фільм-інтэрв'ю, калі я яго прэзентую, я так і кажу, тым больш кіроўцы не ведалі, з кім яны размаўляюць, Ганна Севярынец там ці нехта яшчэ, для іх гэтыя размовы былі натуральнымі. А проста выпадковых людзей у сціслы тэрмін здымачнага перыяду я мог і не сабраць.
— Але ж ты запрасіў, здаецца, людзей з аднаго «лагера».
— Не, два чалавекі — хлопец, якія параўноўвае ўладу з сабакам, і Люда, якая кажа, што справядлівага суда нідзе няма і Бабарыка — злодзей, былі таксама запрошаныя.
— Ты яшчэ нешта здымаеш пра сённяшнія падзеі?
— Я ад гэтага фільма толькі адышоў, зрабіць кіно для мяне што дзіця нарадзіць, таму зараз у мяне пасляродавая дэпрэсія. Насамрэч сёння цяжка нешта асэнсавана рабіць, галава недзе ў іншым свеце, таму я пакуль прыходжу ў сябе.
— Пасля досведу затрымання ты працягваеш удзельнічаць у пратэстах?
— Я ўдзельнічаў як прафесіянал, а цяпер удзельнічаю як просты чалавек — і не стамляюся «гуляць».
— З'явілася рэфлексорная рэакцыя на бусікі альбо на людзей у форме?
— Альбо проста на людзей. Я хаджу і азіраюся, увесь час знаходжуся ў напружанні і з недаверам углядваюся ў тых, хто вакол.
— Ці праўда, што дзеля мары стаць рэжысёрам ты кінуў сям’ю і бізнэс?
— Гэта так гучыць… Не так хутка ўсё адбывалася. Я марыў змяніць жыццё, гэта не была мара менавіта пра рэжысуру, я тады нават не ведаў, што гэта такое. У мяне быў бізнэс, я зарабляў грошы, у мяне няблага атрымлівалася, але нейкай вітальнасці не хапала. Мая партнёрка глядзела на мяне і ў выніку сказала: «Я больш не магу цябе катаваць, ідзі гуляй, ажыццяўляй свае мары», — сплаціла мне палову за фірму, і я пачаў думаць, чаго хачу. Неяк я трапіў на курсы, дзе выкладаў Віктар Аслюк, і ён так цікава распавядаў пра складанасці прафесіі дакументаліста, што мне захацелася паспрабаваць, што гэта такое. Я павучыўся на інтэнсіўных курсах у Піцеры, пачаў хадзіць на розныя майстар-класы, стаў рабіць сацыяльныя ролікі — усё гэта было далёка ад ладу жыцця прадпрымальніка з канкрэтнымі задачамі і вынікамі. І калі я выбіраў гэтыя перамены, то мая сям’я іх не выбірала — жонка была не вельмі ўзрадавана тым, як усё змянілася, і нашы шляхі разышліся. Мы цяпер сябруем, проста існуем незалежна адно ад аднаго. Я доўга швэндаўся і шукаў аднадумцаў і ў рэшце трапіў у Школу Вайды, дзе паверыў, што можна рабіць менавіта тое, пра што некалі распавядаў Аслюк. Калі я разышоўся з партнёркай па бізнэсе, паставіў сабе тэрмін пяць гадоў, маўляў, калі за гэты час у мяне нешта атрымаецца, то варта працягваць. Я крыху не паспеў: «Чыстае мастацтва» ў тэрмін я зняў, але не змантаваў, таму сам сабе крыху пасунуў дэдлайн.
— Ну скажы па выніках, ці варта рызыкаваць і наважвацца на такія грунтоўныя перамены, калі губляецца смак жыцця?
— Я проста не мог далей жыць у тым жа рэжыме — я ўжо і на працы быў не вельмі добрым работнікам, і ў сям'і — не вельмі добрым партнёрам. Па першым часе я аказаўся не гатовы да новага ладу жыцця: калі дагэтуль я быў запатрабаваны, увесь час недзе ездзіў, мне пастаянна званілі, як толькі скончыў усе справы, мой тэлефон замаўчаў. Але калі прайсці гэты першы этап, з часам усё становіцца толькі лепш і цікавей. Мне вельмі падабаецца жыццё, якім я зараз жыву, — яно нашмат больш складанае і вельмі нестабільнае, але вітальнасці хоць адбаўляй, кожны дзень здараюцца новыя прыгоды. Калі мне прапануюць фільм, спачатку я баюся, але ў выніку нешта раблю і разумею, што я самы шчаслівы чалавек на свеце. Сёння, напрыклад, на крутым фестывалі ў Румыніі «Чыстае мастацтва» атрымала спецыяльную згадку журы з матывацыяй на пяць радкоў. У такія моманты разумееш, што ўсе цяжкасці таго вартыя.
— Скажы, што пасля ўсяго, што адбылося ў Беларусі і здарылася з табой асабіста ў апошнія месяцы, цябе больш за ўсё раздражняе?
— Мяне раздражняюць людзі, якія не разумеюць галоўнага — салідарнасці. Якія пачынаюць скрыпець пра тое, што нічога з пратэсту не атрымаецца, для іх што ні зрабі, усё будзе дрэнна. Я не выдаляю іх з фэйсбука, каб разумець, што ёсць і такое, але лічу, што падобнае меркаванне нельга трансляваць на свет, бо яно некарысные. Лепш быць шчырым ябацькам, чым пастаянна нудзець і шукаць у пратэсце нейкія заганы.