Навіны

«Не чапайце дзяцей». Што адбываецца ў гродзенскім дзіцячым хоспісе пасля візыту ДФР

Горадзенскі дзіцячы хоспіс прыйшла аглядаць міліцыя. Яго высяляюць з памяшканьня. За суткі сума пералічаных хоспісу ахвяраваньняў вырасла ўдвая, піша «Радыё С**бода». Што цяпер адбываецца ў арганізацыі, якая дапамагае невылечна хворым дзецям, расказала дырэктарка хоспісу Вольга Вялічка.

Што адбылося?

Візыт міліцыі. 22 кастрычніка ў Горадзенскі дзіцячы хоспіс імя сьвятога Губэрта прыйшлі супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Правялі «агляд памяшканьня». Падстава — ананімная заява, нібыта хоспіс недаплачвае падаткі. Міліцыя вядзе праверку, справу не заводзілі. Забралі два кампутары, дакумэнты па спонсарскай дапамозе, працоўны нататнік дырэктаркі з кантактамі. Пастанову на агляд падпісваў лейтэнант Дораш А.М.

Чытайце таксама: Супрацоўнікаў Гродзенскага дзіцячага хоспіса правяраюць па справе аб нявыплаце падаткаў

Пастанова на агляд памяшканьня

Скасаваньне арэнды. Тады ж супрацоўнікі хоспісу даведаліся, што іх высяляюць з памяшканьня дзіцячай паліклінікі № 2 Горадні. Там яны арандавалі кабінэты ад самага пачатку працы — усе 12 гадоў. Вызваліць памяшканьні трэба да 23 сьнежня. Афіцыйная прычына — нібыта кабінэты хоспісу спатрэбіліся паліклініцы з прычыны эпідэміі каранавірусу. Гэта вынікае зь ліста за подпісам намесьніцы дырэктара дзіцячай паліклінікі № 2 Горадні Ірыны Голуб.

Адмова ў арэндзе
Уваход у дзіцячы хоспіс

Што яшчэ адбывалася з хоспісам?

Сёлета ў красавіку валянтэры майстэрні, якая працуе пры хоспісе, пачалі бясплатна шыць засьцерагальныя касьцюмы для мэдыкаў. Іх лік ідзе на тысячы.

Майстэрня, дзе шыюць мэдыкам засьцерагальныя сродкі

У чэрвені майстэрню выгналі з памяшканьня паліклінікі. Пасьля розгаласу за майстэрню заступіліся гарадзкія ўлады і перадалі пад яе пусты будынак камбінату школьнага харчаваньня. Дамова дзейнічала да канца году. У кастрычніку майстэрню пры хоспісе выгналі з будынку — ён спатрэбіўся пад патрэбы камбінату.

16 кастрычніка суд аштрафаваў дырэктарку хоспісу за ўдзел у пратэставым мітынгу на 405 рублёў. Перад гэтым Вялічка амаль суткі правяла ў ізалятары.

Чытайце таксама: «Было больш-менш прымальна, мяне ніхто не біў». Як у Гродне судзілі дырэктарку дзіцячага хоспіса

Вольга Вялічка перад судом разам з мужам

Што кажа дырэктарка?

Пра падаткі. Па словах Вялічкі, хоспіс спраўна плаціць падаткі. На ейную думку, хутка праверыць гэта можна праз падатковую інспэкцыю, не абавязкова прыцягваць ДФР. Яна лічыць дзіўным, што ўлады пачалі праверку акурат пасьля таго, як яе асудзілі за ўдзел у мітынгу. Да таго ж з грошай хоспісу падаткі плацяцца фактычна двойчы.

Вольга Вялічка

«Чаму падвойная сыстэма падаткаабкладаньня? Чалавек прыйшоў у хоспіс і ахвяраваў 20 рублёў са свайго заробку. З заробку ён сплаціў падаходны падатак. Мы за гэтыя 20 рублёў вырашылі набыць лекі. Мы з гэтых 20 рублёў заплацілі яшчэ падатак на дададзеную вартасьць. Гэта верх цынізму. Замест таго каб думаць, як для дабрачыннасьці зрабіць падатковыя прэфэрэнцыі, мы падпадаем пад падвойную сплату падаткаў», — тлумачыць Вялічка.

Пра агляд памяшканьня. Дырэктарцы дзіўна, чаму забралі ейны працоўны нататнік і дамовы спонсарскай дапамогі, бо яны ня маюць дачыненьня да падаткаў.

Пра скасаваньне арэнды. Вольга Вялічка зьдзіўляецца, чаму іх высяляюць толькі напрыканцы году ў сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй.

«Паліклініка прагназуе, што да сьнежня эпідэмічная сытуацыя ўскладніцца. Гэта вельмі ўразрэз зь Міністэрствам аховы здароўя. Калі ў паліклінікі ёсьць зьвесткі, яны абавязаныя іх зрабіць публічнымі. Інакш яны ставяць жыцьцё і здароўе людзей у небясьпеку. Яны павінны патлумачыць людзям. Бо, відаць, яны нешта ведаюць пра каранавірус у сьнежні», — кажа дырэктарка хоспісу.

Вольга Вялічка з падапечнай хоспісу

Пра грамадзянскую пазыцыю. Вольга Вялічка думае, што ціск на хоспіс адбываецца з прычыны ейнай грамадзянскай пазыцыі. Яна выступае супраць гвалту. Мяркуе, што варта ня ўносіць папраўкі ў Канстытуцыю, а сесьці за стол перамоваў і вырашыць канфлікт з уладай цывілізавана. Яна хадзіла на мітынгі пратэсту ў Горадні, уваходзіла ў раду народнага даверу, якая мелася аб’яднаць прадстаўнікоў дзейнай улады і грамадзкіх актывістаў.

«Калі яны маюць прэтэнзіі да мяне, то хай прыходзяць да мяне. Ня трэба блытаць мяне і хоспіс. Не чапайце дзяцей, не чапайце супрацоўнікаў. Прыходзьце асабіста да мяне, задавайце мне пытаньні. Або ў іх сьмеласьці не хапае?» — кажа суразмоўніца.

Пра далейшую працу. Хоспіс працягвае працаваць у штатным рэжыме, працуе паліятыўны цэнтар пры хоспісе. Майстэрня, дзе шылі засьцерагальныя касьцюмы, пакуль прыпыніла дзейнасьць.

Хоспіс і паліятыўны цэнтар працягваюць працаваць, майстэрня засьцерагальных сродкаў прыпыніла працу

Пра рэакцыю людзей. Па словах дырэктаркі хоспісу, людзі, калі даведаліся пра ціск на арганізацыю, пачалі актыўна падтрымліваць хоспіс грашыма. За суткі пералічылі столькі ж, колькі ўжо было ва ўстановы на рахунку.

Як жыве хоспіс?

Горадзенскі дзіцячы хоспіс імя сьвятога Губэрта быў утвораны 19 верасьня 2008 году. Гэта недзяржаўная, некамэрцыйная арганізацыя, якая існуе толькі за кошт дабрачынных ахвяраваньняў.

Пад апекай хоспісу цяпер больш за 70 цяжка і невылечна хворых дзяцей. Дзеці жывуць у сем’ях, але наведваюць заняткі і сьвяты ў хоспісе, да іх дадому прыходзяць валянтэры.

Дзякуючы хоспісу іхнія сем'і могуць атрымліваць гуманітарную дапамогу: лекі, мэдычнае абсталяваньне, цацкі, адзеньне. Зь дзецьмі і бацькамі працуюць псыхолягі. Могуць дапамагчы і матэрыяльна, калі сям’я ў цяжкім становішчы. Калі трэба, у сем'і падапечных запрашаюць сьвятароў.

У паліятыўным цэнтры

Сёлета ўлетку пры хоспісе адкрыўся цэнтар паліятыўнай дапамогі. Тут аказваюць сацыяльныя паслугі невылечна хворым дзецям. Сярод іх паслугі псыхоляга, клясычныя ЛФК і масаж, нетрадыцыйныя формы ўсходняй мэдыцыны — су-джок-тэрапія, іншыя мэтодыкі.

Чытайце таксама: У Гродне хоспіс адкрыў цэнтр дапамогі цяжкахворым дзецям у памяшканні праваслаўнай царквы

Падзяліцца

Апошнія запісы

Для былой адміністрацыі на Савецкай шукаюць арандатараў - там прапануюць адкрыць салон прыгажосці

Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…

23 снежня 2024

Жывёлы з гродзенскага прытулку атрымалі першыя падарункі ад таемных Сант — пункты выдачы заказаў перапоўнены

Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…

23 снежня 2024

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024