Гродзенскі дзіцячы хоспіс імя Святога Губерта адкрыў Цэнтр паліятыўнай дапамогі ў сярэдзіне ліпеня ў мікрараёне Паўднёвы. Настаяцель прыходу Серафіма Жыровіцкага ў Гродне айцец Іаан Велясейчык пабачыў у навінах, што хоспіс шукае месца для лячэння цяжкахворых дзяцей, і прапанаваў памяшканне пры царкве. Да таго там меркавалася адкрыць цэнтр для паломнікаў.

Новы Цэнтр паліатыўнай дапамогі для цяжкахворых дзяцей ужо працуе ў тэставым рэжыме на вуліцы імя Ігната Дамейкі. Царква прадаставіла памяшканне цалкам бясплатна. Цяпер гэта — першы падобны цэнтр дапамогі пры праваслаўным храме ў Гродзенскай вобласці, а магчыма, і ва ўсёй Беларусі, піша «Народная воля».

Месца для аказання неабходнай дапамогі дзецям, размяшчэння абсталявання не хапала, а гарадскія ўлады пакуль не змаглі прапанаваць патрэбнага памяшкання. Хоспіс месціцца ў будынку паліклінікі.

Спецыялісты хоспіса пабачылі, што хоць памяшканне пры царкве не зусім ідэальнае, але цалкам прыдатнае, каб размясціць тут неабходнае абсталяванне і працаваць. Больш таго, у раёне, дзе знаходзіцца царква, жыве вельмі шмат пацыентаў хоспіса — зараз іх каля сямідзесяці.

«Так што мы цяпер знаходзімся ў двух памяшканнях, — распавядае дырэктарка дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка. — Але вельмі спадзяёмся на тое, што гарвыканкам выканае сваё абяцанне і прадставіць нам месца, дзе мы зможам размясціцца ў адным будынку».