З польскімі гуманітарнымі візамі можна будзе шукаць працу. Пра гэта паведамілі на прэс-канферэнцыі ў Цэнтры Беларускай салідарнасці, >піша «Радыё Рацыя».

Адпаведныя змены ў заканадаўстве рыхтуюць у вельмі хуткім тэмпе. Найверагодней, 15 лістапада яны набудуць юрыдычную сілу, распавёў Міхал Шчэрба, дэпутат Сейму, сакратар парламенцкай супольнасці ў справе Беларусі.

— На наступным тыдні адбудзецца паседжанне Сейму, на якім гэтая прапанова будзе канчаткова прынятая. Пасля яе мусіць падпісаць прэзідэнт. І цягам 14 дзён гэты закон уступае ў сілу — удакладніў ён.

Чытайце таксама: Квіток у адзін канец? Якія магчымасці і абмежаванні дае гуманітарная віза ў Польшчу

Юрыст з Цэнтру Беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская падкрэсліла, што гэта вельмі істотныя змены, якія дапамогуць беларускім грамадзянам з гуманітарнымі візамі нармальна працаўладкоўвацца:

— Гуманітарная віза будзе падставай для таго, кам замежнік меў доступ да рынку працы. Але каб пачаць працу, яму неабходна знайсці працадаўцу, які прадаставіць яму дэкларацыю аб працаўладкаванні або дазвол на працу.

Таксама падчас прэс-канферэнцыі ў варшаўскім Цэнтры Беларускай салідарнасці выступіў сябра прэзідыўма Каардынацыйнай Рады Павел Латушка. Праз відэасувязь з Вільні палітык падзякаваў польскім дэпутатам за дапамогу беларускім грамадзянам і заклікаў польскія ўлады максімальна спрасціць працэдуры для беларускіх грамадзянаў, якія падаюць дакументы на легалізацыю свайго побыту ў Польшчы.