У Гродзенскім драмтэатры 20 верасня давалі «Вельмі простую гісторыю». П’еса перапынілася на палове. У гэты час акцёры даведаліся, што іх калегу, заслужанага артыста Беларусі, акцёра і рэжысёра Сяргея Курыленку, затрымалі падчас мірнай акцыі.
«Гэта стала шокам»
«Калі мы даведаліся, што затрымалі Курыленку з жонкай, акцёры не маглі працягваць спектакль. Гэта стала для іх шокам, — распавёў Hrоdna.life адзін з супрацоўнікаў тэатра. — Акцёры патлумачылі ўсё гледачам, папрасілі прабачэння і сышлі са сцэны. Іх праводзілі апладысментамі».

Чытай яшчэ: «Ніколі не позна жыць». Акцёр і рэжысёр Сяргей Курыленка на сцэне і ў жыцці
Ігар Гедзіч, дырэктар тэатра. Член Савета Рэспублікі. Палкоўнік у адстаўцы. Узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» і знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Фота з сайта Гродзенскага драмтэатра Сяргей Курыленка. Заслужаны артыст Беларусі, рэжысёр і акцёр. Фота з сайта Гродзенскага драмтэатра
Частка гледачоў звярнулася ў касу тэатра з просьбай вярнуць грошы за спектакль, што не адбыўся. Іх просьбу задаволілі. Інфармацыю аб колькасці вернутых квіткоў у тэатры не раскрываюць.
Сяргея Курыленку вызвалілі праз некалькі гадзін. Акцёраў, якія спынілі спектакль, чакала «размова» з дырэктарам тэатра. Да яго прыйшлі ўсе, хто быў задзейнічаны ў спектаклі: і акцёры, і прадстаўнікі тэхнічных службаў. Дырэктару патлумачылі, што гэта было агульнае рашэнне.
Акцёраў падтрымаюць
Аб тым, ці будзе кіраўніцтва тэатра прымаць меры ў адносінах да калектыву, пакуль невядома. Да аўторка 22 верасня ў адміністрацыі выхадныя. У суботу загадаў аб пакаранні не было.
«Магчыма, заўтра, калі ўсе выйдуць на працу, штосьці праясніцца. У тэатры ёсць практыка, што акцёры кампенсуюць кошт вернутых квіткоў, калі спектакль зрываецца па іх віне. Але пакуль канкрэтнай размовы не было», — распавяла Hrodna.life крыніца ў тэатры.
Таксама Hrodna.life стала вядома, што знайшоўся мецэнат, які прапанаваў дапамогу на такі выпадак. «Ужо ёсць чалавек, які гатовы кампенсаваць усю неабходную суму», — паведаміла крыніца Hrodna.life у драмтэатры.
Директор драмтеатра в Гродно прокомментировал остановку спектакля после задержания актеров