За шэсць тураў да канца чэмпіянату гродзенскія футбалісты працягваюць утрымліваць трэці радок у турнірнай табліцы. У пятніцу 18 верасня «Нёман» на сваім полі абыграў «Мінск» — 2:0.

Галы падапечныя Ігара Кавалевіча забівалі ў першай палове матчу. Спачатку Марушыч пасля падачы Слабашэвіча высока выскачыў і дакладна ўдарыў галавой. А пасля і Кадзімян, які хацеў аддаць пас на Забеліна, эфектна забіў мяч у вароты галкіпера «Мінска».

«Нёман» — «Мінск» — 2:0.

Пасля перамогі над сталічнай камандай гродзенцы адстаюць ад першай і другой каманды (БАТЭ і «Шахцёра») на два ачкі. Праўда ў іх матч у запасе.

Свой наступны матч «Нёман» правядзе 26 верасня ў Жодзіне, дзе сустрэнецца з мясцовым «Тарпеда-БеАЗ».