Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці працягвае расследаваць крымінальныя справы па арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (арт. 342 УК). Справы завялі па падзеях 9−11 жніўня і 6 верасня ў Гродне. Праваахоўнікі выявілі шэраг чалавек, якія каардынавалі і правакавалі грамадзян на здзяйсненне падобных дзеянняў.
СК адносяць да супрацьпраўных дзеянняў блакаванне дарог, якое цягне парушэнне працы транспарту і іх графіка руху, спыненне нармальнай працы крам, устаноў грамадскага харчавання, прадпрыемстваў, арганізацый. Дзеянні натоўпу ў падобных выпадках каардынавалі асобныя грамадзяне. У натоўпе знаходзіліся правакатары, якія «заводзілі» людзей, вырашылі ў СК.
Праваахоўныя органы выявілі шэраг асоб, якія каардынавалі і правакавалі грамадзян на здзяйсненне падобных дзеянняў. Праца працягваецца. Выяўляюць асобаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у падобных мерапрыемствах, іх дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка. Крымінальная адказнасць за здзяйсненне дадзенага злачынства надыходзіць з 16 гадоў.
Пры гэтым Следчы камітэт не распачаў ніводнай крымінальнай справы і, адпаведна, не затрымаў і не адхіліў ад службы нікога з асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў арганізацыі і здзяйсненні злачынстваў супраць удзельнікаў мірных сходаў і выпадковых мінакоў, паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Сілавікі збілі як мінімум 200 чалавек у Гродне, паведамілі Hrodna.life у праваабарончай арганізацыі «Вясна». На канец жніўня зафіксавана больш за 100 зваротаў аб прымяненні гвалту з боку сілавікоў і 15 — да сілавікоў з боку пратэстоўцаў.
Праваабаронцы: у Гродне не завялі крымінальных спраў за збіццё пратэстоўцаў сілавікамі