У Гродне склалі восем пратаколаў за акцыю мірнага пратэсту 24 жніўня. Гродзенцаў будуць судзіць па арт 23.34 КоАП — Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. 25 жніўня справы разглядаюць у судзе Ленінскага раёна, паведамілі Hrodna.life у прэс-службе УУС Гродзенскага раёна.
24 жніўня плошчу Леніна, дзе некалькі тыдняў на акцыі мірнага пратэсту збіраліся людзі, перакрылі. На плошчы Савецкай праходзіла акцыя «Запішыся ў спартыўную секцыю». Некалькі сотняў чалавек сабраліся ў парку Жылібера. Яны хадзілі вакол «Вечнага агню» і скандавалі.
Каля 20.00 людзі з чырвона-зялёным сцягам і сцягам у выглядзе георгіеўскай стужкі паспрабавалі стаць да пратэстоўцаў. З апошнім прыйшлі члены арганізацыі Нацыянальна-вызвольнага руху (НВР), якая выступае за «адраджэнне Радзімы ў межах 1945 года». З гэтага моманту пачаліся затрыманні. Міліцыя затрымала Яўгена Савасюка, які паспрабаваў прыбраць з помніка воінам-вызваліцелям чалавека са сцягам НРВ. Пазней некалькі чалавек затрымалі падчас шэсця на аўтавакзал і Савецкую плошчу. Таксама два чалавекі затрымалі ў аўтобусе, які ехаў на Вішнявец.
25 жніўня ў парку Жылібера пройдзе акцыя «Абаронім памяць герояў». У 18.00 можна наведаць канцэрт артыстаў Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. У праграме «Свет вашаму дому» — рэтра і сучасныя хіты айчыннай і замежнай эстрады. У сераду з 17.00 плошча ў філармоніі ператворыцца ў сапраўдную танцпляцоўку, паведаміла grodnonews.by.
23.34 КоАП прадугледжвае штраф у памеры да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.