Гродзенскі гарвыканкам не задаволіў просьбу ўзгадніць правядзенне масавага мерапрыемства на плошчы Леніна 20 жніўня. Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой сказаў, што акцыю 19 жніўня прызналі несанкцыянаванай, бо заяўкі на яе не паступала.
Апавяшчэнне аб масавым мерапрыемстве — мітынгу — 20 жніўня ў гарвыканкам падаў Ежы Грыгенча. У той жа дзень яму далі афіцыйны адказ за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Зоі Кулешы. У ім сказана, што ўлады не ўзгадняюць мітынг праз невыкананне арт. 5 Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» («Заява аб правядзенні масавага мерапрыемства»).
Якія менавіта патрабаванні артыкула не былі выкананыя, рэдакцыі Hrodna.life высветліць не ўдалося.
20 жніўня Мечыслаў Гой патлумачыў, што акцыю 19 жніўня гарадскія ўлады прызналі несанкцыянаванай, бо не было пададзена заяўкі на яе правядзенне. Пра гэта ён распавёў тэлеканалу «Гродно Плюс».
Масавыя мітынгі на плошчы Леніна праходзілі з 13 жніўня. 14 жніўня да прысутных выйшаў Мечыслаў Гой, 17 жніўня — дэпутаты Нацыянальнага сходу, кіраўнік гарадскога Савета дэпутатаў, старшыня гарвыканкама і іншыя чыноўнікі. Дыялогу не атрымалася.
Чытайце таксама: Мэр Гродна: «За сабой пакідаем права на прыняцце ўсіх законных мераў». Пратэстоўцы здзівіліся абвінавачванням