Сустрэча ўладаў з дырэктарамі прадпрыемстваў, якія страйкуюць, пачалася ў Гродзенскім аблвыканкаме 18 жніўня ў 12.00. Прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку прафсаюзаў, якія днём раней вялі перамовы ў гарвыканкаме, паспрабавалі трапіць на сустрэчу. Іх не пусцілі. Таксама не пусцілі журналістку Hrodna.life і журналістаў дзяржаўных медыя.

Карэспандэнты дзяржаўных СМІ распавялі, што ім “паступіла каманда разысціся”. Прадстаўнікі пратэстоўцаў сышлі.

“Парадак дня нарады нам невядомы, – распавёў Васіль Яварчук, які днём раней прысутнічаў на сустрэчы ў гарвыканкаме і потым выступаў на плошчы Леніна. – Даведацца парадак дня – вельмі важна для грамадзян. Для галоснасці, для даверу паміж намі і ўладай. Мы прасілі прапусціць нас у будынак або паклікаць каго-небудзь з арганізатараў. Нас не пусцілі”.

Прадстаўнікі грамадскасці просяць старшыню аблвыканкама Уладзіміра Краўцова прыйсці на мітынг на плошчы Леніна ў 19.00, каб прадставіць пазіцыю кіраўніцтва вобласці па падзеях у краіне і расказаць аб выніках сустрэчы.