Афіцыйны прафсаюз «Гродна Азот» (у тым ліку і завода «Хімвалакно») звярнуўся да старшыні Белхімпрафсаюза. «Для зніжэння сацыяльнай напружанасці» работнiкi «Азота» патрабуюць звярнуцца ў Генпракуратуру для праверкі падліку галасоў на выбарах.

Ліст у Рэспубліканскі камітэт «Белхімпрафсаюза» ад 12 жнiўня падпісаны старшынямі прафкамаў ААТ «Гродна Азот» А.П. Рожынскім і філіяла завода «Хімвалакно» В.А. Курбат.

Афіцыйная першасная прафсаюзная арганізацыя «Гродна Азот» з правамі адзінай (у тым ліку і прафсаюз «Хімвалакно») патрабуе звярнуцца ад імя ўсёй арганізацыі Белхімпрафсаюза:

  • у Генпракуратуру з прапановай правесці праверку правільнасці працэдуры падліку галасоў на выбарах і несвоечасоваму абнародаванню пратаколаў па кожным выбарчым участку ў Гродне,
  • да мясцовай улады і ў МУС з патрабаваннем неадкладна спыніць жорсткасць, празмернае прымяненне сілы і неабгрунтаваныя затрыманні мірных пратэстантаў,
  • у Міністэрства сувязі і інфармацыі і аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце з прапановай неадкладна аднавіць бесперабойную працу інтэрнэту ў краіне, бо «адсутнасць доступу да інфармацыі аб тым, што адбываецца, змушае людзей выходзіць на вуліцы і шукаць яе там».

Таксама аўтары звароту падкрэслілі, што Прафсаюз павінны выконваць нейтралітэт падчас электаральнай кампаніі і з павагай ставіцца да меркавання і выбару кожнага сябра прафсаюза. Працоўныя выступаюць за захаванне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. У прафсаюзе «Гродна Азота» і завода «Хімвалакно» знаходзяцца 13 274 чалавекі.

Чытайце таксама: У Гродне пачалася забастоўка на Паўднёвым рынку

«Калі спыніць „Азот“, горад выбухне»

12 жніўня, калі пачала распаўсюджвацца інфармацыя пра страйк на некалькіх цэхах «Гродна Азот», на сувязь з выданнем «Наша Ніва» выйшла прэс-служба прадпрыемства.

«Праца ідзе ў штатным рэжыме, — паведамілі там. — Не варта верыць телеграм-каналам. Калі б наша прадпрыемства спыніла працу, тут адбылася б тэхнагенная катастрофа. Горад бы выбухнуў».

Небяспеку спынення «Гродна-Азот» пацвердзіў і Андрэй Ханевіч, старшыня арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу ААТ «Гродна Азот». Ён, у сваю чаргу, 10 жніўня накіраваў заяву з патрабаваннем перагледзець вынікі выбараў у ЦВК. Яго падтрымаў актыў з 20 чалавек.

Чытайце таксама: «Гродно Азот» возвращается к работе по пятидневке. «Чтобы не бегали по пикетам«

«Спыніць тут вытворчасць — небяспечна для горада і краіны. Мы не ворагі самі сабе, — сказаў Ханевіч. — На мой погляд, на прадпрыемстве больш за 90 працэнтаў работнікаў не згодныя з вынікамі выбараў, яны галасавалі не толькі за Святлану, але і за іншых кандыдатаў, але не за дзеючага кіраўніка дзяржавы».

Чытайце таксама: «Нечага сына, я думала, адаб’ю ў іх». Пра што казалі людзі пад гродзенскай турмой пасля затрыманняў 9 жніўня