Беларускія ўлады вырашылі змагацца з «Голасам» хакерскімі метадамі: адкрываючы belarus2020.org, карыстальнікі з Беларусі трапляюць на сайт-заглушку, якая просіць увесці нумар тэлефона ўручную. Распрацоўшчыкі папярэджваюць: ні ў якім разе не рабіць гэтага!

Новы адрас платформы «Голос»: bit.ly/golos_pro

Толькі па гэтым адрасе можна рэгістравацца, калі выбаршчык не зрабіў гэтага раней.

Больш за 1 мільён карыстальнікаў, якія ўжо былі зарэгістраваныя на платформе, — у бяспецы. Іх дадзеным нішто не пагражае, а фота бюлетэняў можна адпраўляць чат-боту ў мэсанджар.

Сам сэрвіс, нягледзячы на збоі ў працы viber і telegram, працягвае працу і прыём фатаграфій бюлетэняў. Пры наяўнасці цяжкасцяў з доступам у інтэрнэт, даслаць фота бюлетэня можна пазней — да канца дня 10 жніўня.

Сапраўдная платформа не запытвае ручны ўвод нумару тэлефона на старонцы сайта. Дыялог з платформай адбываецца з дапамогай чат-ботаў ўнутры мэсанджараў viber і telegram.

Платформа «Голас» інфармуе: галоўная задача выбаршчыка сёння — сфатаграфаваць бюлетэнь.

І не рэгістравацца на фэйкавай старонцы, створанай спецслужбамі Беларусі. Фальшывая старонка адкрываецца праз убудаваныя браўзэры ў мэсанджары і сацсетках, а таксама праз браўзэр Safari. Пры гэтым браўзэр Google Chrome вызначае ўзлом сапраўднай старонкі і не адчыняе фальшыўку.

Распрацоўшчыкі просяць максімальна распаўсюдзіць інфармацыю аб фэйкавай старонцы, якая выдаецца па ранейшым адрасе.