Драўляную скульптуру ці то трох амазонак, ці то кентаўрыц стварыў дызайнэр Зьміцер Сурскі пры ўдзеле мастака Васіля Верына, піша «Радыё С**бода».
Праца зробленая ў вёсцы Салацьце пад Гроднам, дзе мастакі зьбіраюцца на штогадовыя пленэры.

Зьміцер Сурскі сказаў «С**бодзе», што над назвай твору пакуль яшчэ думае:
«Матэрыял падказаў мне ідэю. Гэта драўляныя шпулі ад электрычнага кабэлю. Тры кабеты-палітыкі Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава нагадваюць мне трох амазонак, жанчын-ваярак. Паўсталі яны нечакана для ўсіх, для ўлады найперш. Таму гэтае трыё — траянскі конь для ўладаў. Конь і чалавек — кентаўр. Тут — кентаўрыцы. Пакуль іх так называю».
Зьміцер Сурскі пакуль плянуе работу дапрацаваць і пакінуць у Салацьці. Наконт яе будучага разьмяшчэньня не загадвае.
