З 4 па 8 жніўня ў Беларусі праходзіць датэрміновае галасаванне на выбарах. Галасаваць прапануюць тым, хто не можа прыйсці галасаваць па месцы рэгістрацыі ў асноўны дзень, 9 жніўня.
Паводле Выбарчага кодэкса, удзел у датэрміновым галасаванні - права выбаршчыка, і ён павінен сам вырашаць, ці хоча ён ім скарыстацца. Афіцыйнага пацверджання прычын немагчымасці выбаршчыка галасаваць у асноўны дзень выбараў не патрабуецца.
У Гродзенскай вобласці створаны 656 участкаў для галасавання на выбарах прэзідэнта — сярод усіх рэгіёнаў гэта найменшая колькасць. З іх 2 знаходзяцца ў вайсковых частках і 39 — у санаторыях, прафілакторыях, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя. На участках устаноў аховы здароўя датэрміновае галасаванне не праводзіцца.
Усяго ў час цяперашніх выбараў у Беларусі створана 5 767 участкаў для галасавання. Падчас датэрміновага галасавання ўчасткі працуюць з 10.00 да 14.00 гадзін і з 16.00 да 19.00. У асноўны дзень галасавання, 9 жніўня, яны будуць адкрыты з 8.00 да 20.00.
Паводле дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, у 2015 годзе ў датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 36,05% выбаршчыкаў. Гэта, як пісаў T*T.BY, быў рэкорд за ўсе гады выбараў: у 2010 годзе 23,1% выбаршчыкаў прагаласавалі да асноўнага дня галасавання, а ў 2006 годзе — 31,3% выбаршчыкаў. У Гродзенскай вобласці ў 2015 годзе датэрмінова галасавалі 36,84% выбаршчыкаў. Больш за ўсё «датэрміновых» бюлетэняў атрымалі ў Віцебскай вобласці - 39,49%.
Як будуць назіраць
На паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісіі 22 ліпеня Лідзія Ярмошына, спаслаўшыся на складаную эпідэміялагічную абстаноўку, прапанавала паменшыць колькасць назіральнікаў на участках да пяці ў асноўным дзень і да трох — у дні датэрміновага галасавання. Рашэнне прынялі аднагалосна. ЦВК накіраваў рэкамендацыі участковым камісіям з графікамі прысутнасці назіральнікаў: для перыяду датэрміновага галасавання і для дня выбараў.
Па стане на 3 жніўня выбарчыя камісіі акрэдытавалі беспрэцэдэнтную колькасць нацыянальных назіральнікаў - 48 642 грамадзян. Большасць назіральнікаў вылучылі грамадскія аб’яднанні - 33 013, затым — грамадзяне шляхам падачы заяў (10 501). Наступныя па колькасці - палітычныя партыі (2 606) і працоўныя калектывы (2 522).
Аналітыкі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічаць, што абмежаванне колькасці назіральнікаў на участках для галасавання робяць выбарчы працэс закрытым для незалежнага назірання і парушаюць адзін з асноўных прынцыпаў правядзення дэмакратычных выбараў - галоснасць пры правядзенні выбараў. Гэта першы такі выпадак за дваццаць гадоў назірання.
Акрамя гэтага ЦВК акрэдытаваў 201 міжнароднага назіральніка, якія прадстаўляюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў і дыпламатычны корпус.
Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі ў назіранні не прымуць удзел місіі БДІПЧ АБСЕ і ПАСЕ, піша «Вясна». Так, 15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ абвясціла, што не будзе адпраўляць назіральную місію ў Беларусь на выбары ў сувязі з несвоечасова адпраўленым запрашэннем ад беларускага боку.