«Прызнаюся, што для мяне стала поўнай нечаканасцю ваша рэакцыя, і станоўчая, і адмоўная, на мой учорашні каментар для вернікаў», — так пракаментаваў сваё выказванне на нядзельнай службе настаяцель Свята-Пакроўскага сабора Георгій Рой. Святар 2 жніўня звярнуўся да вернікаў з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў.

Відэа слоў настаяцеля з’явілася на канале сабора ў YouTube і за суткі набрала больш за тысячу праглядаў. У каментарах у посце на Facebook у Георгія Роя шмат слоў падзякі.

«Дарагія сябры і нядобразычліўцы! Прызнаюся, што для мяне стала поўнай нечаканасцю ваша рэакцыя, і станоўчая, і адмоўная, на мой учорашні каментар для вернікаў адносна маючых адбыцца выбараў. Тое, што я гаварыў - гэта прапісныя ісціны хрысціянства, тысячу разоў напісаныя і сказаныя да мяне. Відаць, з намі сапраўды штосьці не так, калі самыя простыя, можна сказаць, катэхізісныя сцвярджэнні становяцца ледзь не сенсацыяй», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Георгій Рой.

2 жніўня на нядзельнай службе святар нагадаў вернікам, што, згодна з Бібліяй, бацькам хлусні ёсць д’ябал, і заклікаў вернікаў ніколі не далучацца да яе, «дзе б яна ні праяўлялася».

«Шмат перажыванняў у кожнага з нас, каб былі мір і спакой у нашай краіне. А міру і спакою можна дасягнуць толькі тады, калі ёсць справядлівасць. Калі парушаецца прынцып справядлівасці ў грамадстве, тады ўзнікаюць розныя супярэчнасці, якія правакуюць самыя негатыўныя наступствы. Калі парушаецца прынцып праўды — гэта таксама тое, што правакуе людзей на рэзкія крокі, рэзкія думкі, рэзкія словы», — сказаў Георгій Рой.

Святар заклікаў вернікаў шчыра і самааддана маліцца гэты тыдзень за Беларусь і за захаванне міру ў краіне, каб праблемы вырашаліся не з дапамогай тэрору, а ў працэсе дыялогу.

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.