Па новай справе, распачатай супраць блогера Сяргея Ціханоўскага, мужа кандыдаткі Святланы Ціханоўскай, яму пагражае да 12 гадоў турмы. Следчы камітэт распавёў, што затрыманыя 29 ліпеня байцы ЧВК Вагнера праходзяць па адной справе з Ціханоўскім.
Галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарату Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь у дачыненні да Сяргея Ціханоўскага ўзбуджаны шэраг крымінальных спраў, паведамілі ў ведамстве.
Так, у дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па фактах здзяйснення наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне іншай сацыяльнай варожасці, заклікаў да здзяйснення гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Акрамя таго, у дачыненні да Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых асоб распачата крымінальная справа па факце падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў паводле арт. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Таксама ўчора па выніках праверкі аператыўнай інфармацыі, якая паступіла ад спецслужбаў, па падазрэнні ў здзяйсненні названага злачынства былі затрыманыя 33 грамадзяніны Расіі, супрацоўнікі ЧВК Вагнера, якія пражывалі на тэрыторыі санаторыя «Беларусачка» ў Мінскім раёне.
Вырашаецца пытанне аб заключэнні іх пад варту.
Працягваюцца дзеянні праваахоўных органаў па выяўленні асоб, якія маюць дачыненне да падрыхтоўкі і арганізацыі масавых беспарадкаў на тэрыторыі краіны. Праводзіцца расследаванне.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі зняволенымі. Ціханоўскаму і яго прыхільнікам прад’яўлена абвінавачванне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Таксама яго вінавацяць па арт. 191 (Перашкода ажыцьцяўленьню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права свабодна абіраць і быць абраным). Пацярпелай прызналі Лідзію Ярмошыну.