Гарадзенец Уладзімер Кніга, які раней служыў у АМАПе, расказаў, што адбывалася на Савецкай плошчы 29 траўня, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага, піша «Радыё С**бода». 30 чэрвеня яму прысудзілі сем сутак адміністрацыйнага арышту.

Цяпер Кнігу трымаюць у СІЗА № 1 у Менску. 30 чэрвеня яго праз Skype судзілі за дробнае хуліганства на пікеце 29 траўня. Затрымалі яго на іншым пікеце 4 чэрвеня. А пратакол склалі 7 чэрвеня.

Уладзімір Кніга:

  • Адзін з 9 фігурантаў «справы Ціханоўскага».
  • 39 гадоў, жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей, адзін зь іх інвалід.
  • Апошнім часам працаваў кіроўцам сьмецьцявоза.
  • Раней служыў у АМАПе.
  • Не давучыўся на юрыста, бо, кажа, «камусьці стаў не даспадобы ў 2012 годзе».
  • У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэньне ўлады. На сёньня тая судзімасьць пагашаная.
  • Сёлета быў валянтэрам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.

Паводле пратаколу, Кніга парушаў грамадзкі парадак, нецэнзурна лаяўся, чапляўся да людзей, перашкаджаў руху транспарту, схапіў і адштурхнуў міліцыянта Рахунка.

Чытайце тасама: «Так, я даў сігнал з Ціханоўскім». Лукашэнка пра выбары-2020 і Канстытуцыю 1994 года

Кніга віны цалкам не прызнаў. Ён расказаў, што прыйшоў на пікет каля 19:40—19:50, стаяў адасоблена. Заўважыў на плошчы шмат міліцыянтаў у цывільным і ў чорнай форме без апазнавальных знакаў. Пазнаў іх «па позірках, адзеньні, фрызуры, тым, як яны трымаліся па двое і азіраліся на 360 градусаў». Адзначыў, як супрацоўнікі ў цывільным папраўлялі нябачныя спэцсродкі на поясе.

«Такое адчуваньне, што ўвесь горадзенскі гарнізон быў задзейнічаны на плошчы дзеля аднаго чалавека», — сказаў Кніга. І адзначыў, што такая канцэнтрацыя сілавікоў характэрная для масавых мерапрыемстваў: «Футбол, хакей, фэстываль або спэцапэрацыі».

Інцыдэнт, у выніку якога апынуўся на зямлі міліцыянт, Кніга назваў «незразумелай акторскай пастаноўкай», а затрыманьне Ціханоўскага — «барбарствам».

«Бачыў, як яго нясуць на руках… Такое адчуваньне, што вельмі сур’ёзнага злачынцу злавілі», — сказаў Кніга.

«Мне было балюча і горка. Я расчараваўся, што працаваў раней (у АМАПе. — РС)», — адзначыў Кніга.

Адвакатка Ўладзімера Кнігі Сьвятлана Гарбаток
Адвакатка Ўладзімера Кнігі Сьвятлана Гарбаток

На суд ён прыйшоў у масцы, сонечных акулярах і сьвітшоце з «Пагоняй» і надпісам Belarus.

Адвакатка Кнігі Сьвятлана Гарбаток у якасьці аднаго з аргумэнтаў невінаватасьці свайго падабароннага прадставіла суду відэаразбор падзей на пікеце ў Горадні з сайта «Радыё С**боды».

Справу разглядаў суддзя Руслан Гурын. Кніга хадайнічаў аб тым, каб запатрабаваць відэазапісы з матэрыялаў ягонай крымінальнай справы, а таксама апытаць сведку-міліцыянта Паўла Трафімава, які не з’явіўся на пасяджэнне раней. Адвакат хадайнічала аб адпраўленні пратаколу Кнігі на дапрацоўку, паколькі там утрымліваюцца размытыя фармулёўкі і парушаныя правы асобы, супраць якой вядзецца працэс. Хадайніцтвы былі адхіленыя. Суд Ленінскага раёну Горадні пастанавіў арыштаваць Кнігу на 7 сутак.

Блогера Сяргея Ціханоўскага, кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэнтэнткі ў кандыдаты Святланы Ціханоўскай, і яшчэ дзевяць чалавек затрымалі 29 мая ў Гродне падчас пікету па зборы подпісаў. Гэтаму папярэднічаў інцыдэнт, у выніку якога ўпаў міліцыянт. Відавочцы падзей назвалі гэта правакацыяй, а МУС заявіла, што затрыманыя ўжылі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Чытайце таксама: Палітвязню Уладзіміру Навуміку дадаткова прысудзілі 10 сутак