На выпадак, калі Святлану Ціханоўскую «здымуць» з выбараў, у аб’яднанага штаба ёсць запасны варыянт, але яго пакуль не агучваюць. Да новых выбараў будзе працаваць прызначаны Лукашэнкам урад, за выключэннем тых людзей, якія фальсіфікавалі выбары. А дзеючы пакуль прэзідэнт можа сысці на пенсію і займацца агародам, расказалі Hrodna.life 30 ліпеня на анлайн-сустрэчы Прэс-клуба з аб’яднаным штабам кандыдата.

— На дадзены момант у мяне ёсць прэтэнзіі да дзеючага прэзідэнта і з-за асабістай сітуацыі, і з-за яго адносін да краіны і да народу. Мне яго шкада. Вы ўяўляеце, як чалавеку кожную раніцу прачынацца і разумець, што людзі, народ у яго краіне, мякка кажучы, яго не любяць? Я спадзяюся, што ў яго засталося сумленне. < … > Не думаю, што гэта прыемнае пачуццё для чалавека, — сказала Hrodna.life Ціханоўская.

Дзеючы прэзідэнт знаходзіцца ў пенсійным узросце, сказалі ў штабе. «Ён можа адпачываць, пайсці на пенсію і займацца бульбай, кавунамі. Лецішча завесці, саджаць агуркі, памідоры. Магчыма, гэта яго любімая справа», — разважылі ў штабе.

Альянсаў з кандыдатамі на выбарах-2020 штаб не абмяркоўваў. З Андрэем Дзмітрыевым і Сяргеем Чэрачнем падтрымліваюць працоўныя стасункі, паведамілі ў штабе.

У штабе распавялі аб парушэннях выбарчага заканадаўства:

  • выключэнне моцных альтэрнатыўных кандыдатаў;
  • няроўны доступ да дзяржаўных СМІ ў кандыдатаў;
  • «антыагітацыя» супраць альтэрнатыўных кандыдатаў;
  • ціск, псіхалагічны і не толькі, у тым ліку праз родных;
  • заклік дзяржаўных СМІ да датэрміновага галасавання і выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу да прымусу галасаваць датэрмінова;
  • дэманстрацыя дэбатаў кандыдатаў у запісе, а не ў прамым эфіры — няма ўпэўненасці, што фразы кандыдатаў не сказяць.

У штабе не вераць у рэйтынг прэзідэнта ў 72%, які агучылі на АНТ, і не давяраюць экзіт-пулам, якія будзе праводзіць БРСМ. Яны заклікаюць карыстацца платформамі «Голос» і «Честные люди», і апранаць белыя бранзалеты, каб людзі, якія выступаюць супраць дзейнай улады, пазнавалі адзін аднаго.

Штаб заклікае выказваць сваё меркаванне законнымі і мірнымі спосабамі. «Слова „рэвалюцыя“ мы не вымаўляем. Гэта не той шлях, якім можна рухацца ў трэцім тысячагоддзі», — сказала Марыя Калеснікава.