У Шчучыне з’явіцца помнік заснавальніку і першаму прэзідэнту Пятай французскай рэспублікі Шарлю дэ Голю. Манумент будзе ўсталяваны да 130-годдзя з дня нараджэння французскага палітыка, піша T*T.BY.
Рашэнне аб усталяванні помніка апублікавана на сайце Шчучынскага райвыканкама. Яно падрыхтавана ў «мэтах развіцця горада Шчучына як аднаго з турыстычных цэнтраў рэспублікі, прыцягнення турыстаў, папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны».
Шчучын і прэзідэнт Францыі
У час Першай сусветнай вайны з ліпеня па верасень 1916 года Шарль дэ Голь трапіў у палон і знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных на тэрыторыі сучаснага Шчучына. Цяпер на гэтым месцы стаіць цэх аўтатрактарных камплектаў завода «Аўтапровад».
Раней меркавалася, што на будынку цэха адкрыецца памятная дошка. Там жа пазней планавалі размясціць інтэрактыўны музей. Зараз гаворка ідзе менавіта аб помніку ў Шчучыне. Улады правядуць адкрыты конкурс эскізных праектаў помніка, яго фінансаванне прадугледжана з пазабюджэтных сродкаў.
Дарэчы, перспектывы ўшанавання памяці дэ Голя ў сакавіку мінулага года абмяркоўвалі мясцовыя ўлады і пасол Францыі ў Беларусі Дыдзье Канесс. На 29 ліпеня запланавана сумесная прэс-канферэнцыя Дыдзье Канэса і намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама Алены Пасюты. Падчас яе агучаць умовы конкурсу на праект помніка, піша «Радыё Рацыя».