Гродзенка Галіна Філіпаўна, дасе на якую кіраўнік КДБ Беларусі паказваў Аляксандру Лукашэнку, атрымала ліст ад блогера Сяргея Ціханоўскага. Той памятае жанчыну з гродзенскай сустрэчы і абяцае прыехаць да яе ў госці, піша «Радыё С**бода».
Хто такая Галіна Філіпаўна?
81-гадовая гарадзенка, дацэнт, вэтэран працы Галіна Філіпаўна Андрэйчык праславілася на ўсю краіну двойчы. Першы раз, калі 29 траўня ў Горадні дала кранальнае інтэрвію Сяргею Ціханоўскаму. Блогер прытуліў бабулю, а тая назвала яго ў адказ «сынком». Таксама жанчына выказалася пра «развал» Беларусі.
Другі раз слава знайшла гарадзенку ў вечаровым эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1», калі з дрона паказалі дом, дзе яна жыве, і агучылі на ўсю краіну сьпіс ейнай прыватнай маёмасьці.
Кіраўнік Камітэту дзяржбясьпекі Валеры Вакульчык перад сустрэчай з Аляксандрам Лукашэнкам паказаў журналістам дзяржаўнага тэлеканалу АНТ «справу бабулі» з Горадні, якая мае «два дамы на адной тэрыторыі».
На Галіну Філіпаўну зьвярнуў увагу, не назваўшы імя, і кіраўнік краіны. Ён сказаў пра 80-гадовую жанчыну ў Горадні, якая «крычала, гарлала» і якая жыве ў «палацы».
Чытайце таксама: «Абудзіла гарадзенцаў». Як людзі падтрымалі пэнсіянэрку, дасье на якую старшыня КДБ насіў Лукашэнку
Увесь апошні час жанчына перажывае ня столькі за сваю сям’ю, колькі «за Сярожу», як яна называе Ціханоўскага. Прызнаецца, што цяпер ставіцца да яго як да сына. Да таго ж чытае і глядзіць навіны, зьвязаныя з усімі палітвязьнямі.
«Я ўзгадваю нашую сустрэчу ня раз»
У сярэдзіне чэрвеня Галіна Філіпаўна напісала ліст Ціханоўскаму ў СІЗА, расказала, хто яна такая, нагадала пра сустрэчу ў Горадні. Амаль празь месяц, 10 ліпеня, ёй прыйшоў адказ, напісаны 1 ліпеня.
Сяргей прызнаўся, што ліст Галіны Філіпаўны «крануў яго да сьлёз». Ён паведаміў, што 1 ліпеня яму ўпершыню перадалі лісты, усяго 62. Сярод іх быў і ліст пэнсіянэркі з Горадні.
«Я ўзгадваю нашую сустрэчу ня раз, седзячы ў СІЗА. Вельмі рады, што вы напісалі і ліст трапіў да мяне ў рукі. Перадусім прашу вас берагчы здароўе, бо я абяцаю прыехаць да вас дадому, як вы хацелі, і пазнаёміцца з сынамі», — напісаў на пачатку ліста Ціханоўскі.
Ён дадаў, што, напэўна, ягоная жонка Сьвятлана таксама будзе рада пазнаёміцца з гарадзенкай. Ціханоўскі папярэдзіў, што ўсе лісты праходзяць цэнзуру. На лісьце, які атрымала Галіна Філіпаўна, апошнія фразы пасьля подпісу нехта выкрасьліў так, што немагчыма прачытаць.
Чытайце таксама: Пенсіянерка з Гродна адказала Лукашэнку і БТ
Блогер паабяцаў пісаць жанчыне і пазьней. Зь ягоных словаў, у СІЗА няма асабліва чым займацца, таму ён з радасьцю чытае лісты і адказвае на іх. Ён папрасіў пры магчымасьці ўкладаць у ліст канвэрт са зваротным адрасам.
«Мая пазыцыя не сустракала ўхваленьня сярод маіх сяброў»
«Вы крыху перабольшваеце мае заслугі. Не мая заслуга або вашая, што праўду гаварыць у Беларусі — гэта геройства. Таксама вы перабольшваеце заслугу маёй маці ў маім выхаваньні. Канечне, яна не вучыла мяне кепскаму. Але мая пазыцыя не сустракала ўхваленьня сярод маіх сяброў і блізкіх яшчэ летась. Мая пазыцыя — хутчэй, уласнае ўнутранае рашэньне, перакананьне, чым вынік выхаваньня», — напісаў Ціханоўскі.
Ён дадаў, што ў ягонай гімназіі ў дзяцінстве дэвіз быў: «Сьпяшайцеся рабіць дабро».
«Беражыце сябе і не хвалюйцеся. Вельмі рады нашаму знаёмству. Калі я сустракаю такіх людзей, як вы, я ганаруся, што я беларус», — скончыў ліст Сяргей Ціханоўскі.