81-гадовая жанчына, ветэран працы, выйшла на плошчу, каб сказаць словы падтрымкі Ціханоўскаму. БТ адпомсціла ёй тым, што паказала «катэдж», у якім жанчына жыве. Піша «Наша ніва» паводле «Радыё Свабода».

81-гадовая пенсіянерка з Гродна, дацэнт, ветэран працы Галіна Філіпаўна Андрэйчык праславілася на ўсю краіну двойчы. Першы раз, калі 29 мая ў Гродне дала кранальнае інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму.

Блогер абняў бабулю, а тая назвала яго ў адказ «сынком». Таксама жанчына выказалася пра сітуацыю ў Беларусі.

«Дзякуй, што выйшлі на вуліцу. Не бойцеся. Не бойцеся. Калі я памру, я ўсё ж буду ведаць, што зрабіла глыток свабоды. Дзякуй табе, дзетанька, дзякуй табе, сыночак», — кажа падчас стрыму сівая жанчына.

Другі раз слава знайшла жанчыну ў вечаровым эфіры БТ 4 чэрвеня, калі паказалі дом, дзе яна жыве — здымалі з дрона! — і агучылі на ўсю краіну спіс яе маёмасці: кватэра ў цэнтры Гродна, «катэдж» — як яны выразіліся, «дзве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус-«трохгодка» мінімум за 25 тысяч долараў.

Яе дзяцей назвалі афіцыйна беспрацоўнымі.

На Галіну Філіпаўну звярнуў увагу і асабіста кіраўнік краіны. Ён 4 чэрвеня сказаў пра 80-гадовую жанчыну ў Гродне, якая «крычала, гарлала» і якая жыве ў «палацы».

«Чаго табе не хапае?» — задаў ён рытарычнае пытанне на адрас гродзенкі.

«Пераможам ці не?»

Галіна Філіпаўна сустракае журналістаў са слязмі на вачах.

«А мяне што, цяпер арыштуюць?» — задае яна першае пытанне.

«Я і так на снатворных сплю. Скажыце, што будзе? Пераможам ці не?» — перажывае жанчына.

Пенсіянерка з Гродна адказала Лукашэнку і БТ

Галіна Філіпаўна не хавае сваю ўласнасць. І не разумее, чаму яна мусіць за гэта апраўдвацца.

Яна расказала, што сапраўды ў яе ёсць дом, які яна пабудавала ў 1990-х гадах. Дом будавалі 38 гадоў, сваімі рукамі. Грашыма сям'і дапамагалі сваякі з Аўстраліі. Дзядзька Уладзімір і цётка Аліна эмігравалі туды пасля апошняй вайны.

Пенсіянерка з Гродна адказала Лукашэнку і БТ

Жанчына тлумачыць, што стаж у яе — 52 гады, яна выкладала эканамічную тэорыю ў гродзенскіх універсітэтах. За гэты час ашчаджала грошы, адклала сабе «на пахаванне» 5 тысяч долараў, каб родныя маглі з ёй нармальна развітацца. Муж Валянцін Міхайлавіч Караўка пасля Ленінградскага політэхнічнага інстытута працаваў вядучым спецыялістам па будаўніцтве, пайшоў з жыцця 4 гады таму.

У Галіны Філіпаўны двое сыноў. Старэйшы працуе ў сфэры турызму ў Санкт-Пецярбургу, малодшы — праграмістам у расійскай фірме ў аўтамабільнай сфэры, раней быў прадпрымальнікам, усталёўваў сігналізацыю.

Цяпер ён разам з маці, дапамагае ёй, працуе на гародзе, развёў рыбу ў сажалцы.

«Дык што, мы не маглі пабудаваць?» — здзіўляецца пенсіянерка.

«Чаму ж яны сюды не зайшлі? Чаго яны пабаяліся?»

Гаспадыня абураецца, што ейную прыватную тэрыторыю паказалі з дрона без дазволу.

«Ці ж гэта можна рабіць, скажыце? Чым чалавек багацейшы, тым і краіна будзе багацейшая. А што ж калгаснікаў загналі, разагналі, а там бядуюць людзі», — тлумачыць суразмоўца.

Пенсіянерка з Гродна адказала Лукашэнку і БТ

Яна не разумее, чаму здымачная група тэлеканала БТ не зайшла да яе ў госці, не запыталася, адкуль яны маюць даход.

«Чаму ж яны сюды не зайшлі? Чаго яны пабаяліся? Я б патлумачыла, адкуль крыніца і хто дапамог», — эмацыйна кажа жанчына.

Закід Лукашэнкі, што «жанчына крычала, гарлала», Галіна Філіпаўна аспрэчвае. Кажа, што ў яе проста моцны голас і выразная дыкцыя, яна шмат гадоў працавала лектарам.

Гродзенка крытыкуе і рыторыку кіраўніка краіны.

«Гэты чалавек кажа розную лухту: „мой народзец“, каровы абасраныя», «галаву адкручу членам ураду». Як такое можна слухаць?.. Што гэта за размова? Ні культуры, нічога. Як так можна прэзідэнту размаўляць і весьці такія прамовы?" — пытаецца Галіна Філіпаўна.

Пенсіянерка з Гродна адказала Лукашэнку і БТ
Сын Галіны Філіпаўны Дзмітры паказвае свае «фазэнды»

Другі двухпавярховы дом, абшыты сайдынгам, стаіць на ўчастку побач. Яго, напэўна, будуюць для наступнага пакалення сям'і.

Пенсіянерка з Гродна адказала Лукашэнку і БТ
Другая «фазэнда» сям'і Андрэйчык

«Нехта на адпачынкі ездзіў, а мы дом будавалі, 38 гадоў, сваімі рукамі. Давайце размяшчацца, тут у нас «палацы», — з іроніяй кажа сын Дзмітры і паказвае дом без аддзелкі.

Цяпер будоўля замарожаная. Другая недабудаваная фазэнда — гэта фундамент непадалёк.

Побач акуратны агарод.

Пенсіянерка з Гродна адказала Лукашэнку і БТ

Дзмітры не шкадуе, што маці выказалася на плошчы.

Гэтая «бабуля», на думку сына, аказалася мацнейшай за некаторых «мужыкоў».

«81 год, інвалід ІІ групы, так напужала, што нават да прэзідэнта на стол леглі дакументы… Навошта фабрыкаваць у сродках масавай інфармацыі свае здагадкі, не праверыўшы, як насамрэч жывуць людзі, і з гэтым безграшоўем ідуць да сваёй мэты, каб жыць у „краіне для жыцця“», — здзіўляецца Дзмітры.

Пенсіянерка з Гродна адказала Лукашэнку і БТ
Галіна Філіпаўна і Дзмітрый не ведаюць, якога кроку з боку ўлады чакаць наступным.

«Як пасля гэтага можна не баяцца за лёс?.. Што я цяпер буду, маўчаць? Па адным нас усіх заламаюць і нафабрыкуюць спраў. Трэба рабіць розгалас. Трэба неяк абараняцца… Маўчаць — яшчэ горш будзе, па адным задушаць», — абураецца Дзмітрый.