«Ён мой чалавек, таму я прыехала яго падтрымаць», — кажа прэтэндэнт у прэзідэнты Ганна Канапацкая. Яна прыехала ў Гродна 13 ліпеня на суд над сябрам сваёй ініцыятыўнай групы Ежы Грыгенчам.
На гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу 30 чэрвеня склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 3 арт. 23.34 КаАП) 19 чэрвеня, калі ў Гродне праходзіла акцыя «Ланцуг салідарнасці». Актывісту пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь (540−1350 рублёў) або адміністрацыйны арышт.
Што за акцыя пратэсту?
У Гродне 19 чэрвеня, а 19:00 пачалася акцыя салідарнасці з вязнямі. Людзі расцягнуліся ланцугом ад дома Мураўёва на Савецкай плошчы да філармоніі. Машыны, што праязджалі побач, актыўна сігналілі. Усяго ў ланцугу стаяла каля 600 чалавек. Пазней акцыі паўтараліся, але ўжо не былі такімі масавымі.
Ежы Грыгенча — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2019 годзе яго судзілі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, у 2017 — за ўдзел у Маршах недармаедаў.