У форварда гродзенскага «Нёмана» Глеба Рассадкіна дыягнаставалі двухбаковую пнеўманія. Футбаліст знаходзіцца ў гродзенскай бальніцы, піша «Прессбол».

-У Рассадкіна двухбаковая пнеўманія, з якой Глеб ляжыць у гродзенскай бальніцы. Ён ідзе на папраўку і на наступным тыдні, калі нічога не зменіцца, яго абяцаюць выпісаць. Больш дадаць пакуль няма чаго, — сказаў галоўны трэнер каманды Ігар Кавалевіч у інтэрвью Уладзіміру Пірагу.

Каля двух тыдняў таму, 27 чэрвеня, «Нёман» гуляў у Гродне з брэсцкім «Дынама», гродзенцы перамаглі з лікам 1:0.

Пра тое, што ў 16 чалавек у камандзе брэсцкага «Дынама» каранавірус, стала вядома 6 ліпеня. Сярод тых, хто захварэў, 11 футбалістаў, трое з якіх — у бальніцы. Яшчэ пяць заражаных — з ліку абслуговага персаналу.

Каранавірус прыйшоў у футбол

Першыя сігналы пра каранавірус у брэсцкім «Дынама» з’явіліся яшчэ за тыдзень да гэтага. Гаворка ішла мінімум аб трох футбалістах. Клуб прасіў Беларускую федэрацыю футбола перанесці гульню са «Смалявічамі» з 3 ліпеня на іншую дату, але дынамаўцам адмовілі, піша «Наша Н**а». Футбалісты правялі поўны матч са «Смалявічамі». Тэст, які даў станоўчы вынік, ім зрабілі толькі пасля гульні.

Успышка каранавіруса зафіксавана і ў «Гарадзеі». У трох футбалістаў каманды захворванне пацвердзілася, паведаміў 5 ліпеня «Прессбол». Выданне пісала, што адзін з іх знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх, але на наступны дзень «Гарадзея» абвергла гэтую інфармацыю, маўляў, у гульца проста двухбаковая пнеўманія.

Увесну спартовыя спаборніцтвы па ўсім свеце адмяняліся з-за пандэміі. Футбольны чэмпіянат Беларусі тым часам не спыняўся, калі не лічыць адзінкавых перанесеных гульняў. Зараз каранавірус упершыню сур’ёзна закрануў і беларускія каманды.

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).