У Каложскім парку абмежавалі хуткасць аўтамабіляў да 30 км/ч Дарогу да моста ў бок Вялікай Траецкай афіцыйна зрабілі пешаходнай.

Знакі “30 км/ч” усталявалі на з’ездах з міні-кальца: у бок Каложы і па вуліцы Палявой, паведаміла АвтоГродно гарадская актывістка Юлія Каляда. На дарозе ў бок пешаходнага моста (вуліца Каложа) рух на аўтамабілях забаранілі цалкам, усталяваўшы знак “Пешаходная дарожка”.

Раней Юлія Каляда звяртала ўвагу, што ў Каложскім парку ёсць дзве аўтадарогі без абмежаванняў хуткасці, хоць гэта месца адпачынку гараджан. Пры гэтым па законе веласіпедыстам у парку можна ездзіць толькі па ходніку, там, дзе шпацыруюць людзі, бегаюць дзеці.
“Аднойчы праекціроўшчыкі дапусцілі памылку, зрабіўшы паркоўку ў глыбіні парку, а не ў пачатку. Сёння робіць памылку ДАІ, не абмежаваўшы хуткасць і праезд, – пісала Юлія ў траўні. – На ўездзе, праўда, вісіць непрыкметна “цэгла”. Але незразумела, каму і куды яна забараняе ехаць. Усе ездзяць. А калі хтосьці і вырашыў бы паслухацца і пакінуць машыну, то зрабіць гэта няма дзе”.


