Яўгена Амплеева затрымалі 20 чэрвеня прыблізна ў 20.00 у цэнтры Гродна. «Ланцуга салідарнасці», такога як быў 19 чэрвеня ад вуліцы Савецкай да філармоніі, няма. Асобныя людзі і невялікія кампаніі шпацыруюць ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай і назад. Складана сказаць, ці з’яўляюцца яны ўдзельнікамі нейкай акцыі.
Амплеева затрымалі на Савецкай плошчы, верагодна людзі ў цывільным, расказалі Hrodna.life відавочцы. «Падвезлі бус, скруцілі і ўсё», — сказаў сведка здарэння.
Каля 40 чалавек знаходзіцца на плошчы Леніна. Побач з аблвыканкамам стаяць бусы міліцыі. З партатыўнай калонкі гучаць песні гурта Dzieciuki і «Муры» ў выкананні Андрэя Хадановіча. Адзін з удзельнікаў прынёс тапкі.
Чакалася, што людзі могуць сабрацца ў цэнтры Гродна каля 19.00. Пра гэта паведамлялі ў чатах у телеграме.



Каля 20.50 некалькі дзясяткаў чалавек перамясціліся з Леніна на Савецкую. З калонкі ўсё яшчэ граюць Dzieciuki. Людзі падыходзяць і спыняюцца.

Прыйшла сям’я Калмыковых. Сяргея Калмыкова затрымалі разам з Ціханоўскім 29 траўня, а потым адпусцілі.



На акцыю прыйшоў Дзяніс Рудзевіч, якога затрымалі 19 чэрвеня. На яго склалі пратакол па артыкуле 22.9 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі). Калі будзе суд, пакуль невядома. Мужчына разбіў тэлефон і стабілізатар.
Людзі разыйшліся каля 22.00. У планах — і далей збіраць самаарганізаваныя акцыі.