18 чэрвеня на сцяне дома № 45 па вуліцы Ажэшкі адкрылі шыльду, прысвечаную заслужанаму лекару БССР Генадзю Обухаву. У гэтым доме ён жыў з 1962 па 2010 гады.
Шыльду адкрылі напярэдадні дня медыцынскага работніка, у дзень нараджэння Генадзя Обухава — у 2020 годзе яму споўнілася б 96 гадоў. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі Гродзенскага гарвыканкама, былыя калегі і сябры заслужанага медыка.
Генадзь Обухаў (1924−2010) быў у час Вялікай Айчыннай вайны радыстам. У пасляваенныя гады арганізоўваў псіхіятрычную службу Гродзенскай вобласці. Атрымаў званні прафесара і заслужанага ўрача БССР. Апублікаваў больш за 120 навуковых прац, пад яго кіраўніцтвам абаронены 4 кандыдацкія дысертацыі.
Шыльду стварыў гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. На тым жа доме ўжо вісіць іншая яго праца — шыльда прысвечаная пісьменніку Аляксею Карпюку. Наступнай там павінна з’явіцца памятная шыльда краязнаўцу Віктару Саяпіну, распавёў Панцялееў.