Днём 11 чэрвеня на Youtube з’явілася відэа ўрачыстай прамовы гімназіста на выпускной лінейцы. Там ён кажа, што спадзяецца на доўгачаканыя перамены ў Беларусі.
Відэа знята на лінейцы ў мінскай гімназіі № 192, паведамляеYoutube-канал symbal.by. Яно хутка разышлося па сацсетках
Традыцыйная прамова выпускніка з падзякамі настаўнікам гімназіі скончылася нечакана:
«Мы ўсе шчыра спадзяемся, што 9 жніўня ў нашай любімай краіне адбудуцца доўгачаканыя змены,» — сказаў хлопец у мікрафон.
Ён дадаў, што хацеў бы, каб пасля гэтых пераменаў у гімназіі не працавалі «такія людзі, як Слабко».
Сваю прамову вучань скончыў заклікам: «Жыве Беларусь!».
Відэа на канале папрасіў апублікаваць бацька выпускніка, Аляксандр Рымашэўскі. Ён дадаў да запісу свой каментар: «Выпускнік 2020 гімназіі № 192 г. Мінска Уладзіслаў Рымашэўскі выказаў меркаванне большасці беларусаў аб неабходных пераменах у краіне, звярнуўшыся да намесніка дырэктара па выхаваўчай працы і настаўніку беларускай мовы і літаратуры Слабко Ганны Анатольеўны, якая на працягу 7 гадоў прытрымлівалася недапушчальных метадаў працы ў сістэме адукацыі. Па словах вучняў яе веданне прадмета заўсёды пакідала жадаць лепшага, што часта станавілася прычынай смеху і выказванняў, якіх яе пыха пакінуць без увагі не магла».
Пра сваё выступленне падрабязней Уладзіслаў распавёў у інтэрв'ю Hrodna.life.
Згаданая Ганна Анатольеўна Слабко сапраўды працуе ў гімназіі № 192 намесніцай дырэктара па выхаваўчай працы, яна настаўнік першай катэгорыі. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, яе педагагічны стаж — больш за 15 гадоў. Узнагароджана Падзякамі адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Мінска.
На сайце даведніка арганізацый Беларусі на старонцы з водгукамі аб гімназіі яе крытыкуюць: «Усё нібыта добра. Але Слабко Ганна Анатольеўна занадта жорсткая!».
На мінулых прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе Ганна Слабко працавала у выбарчай камісіі.