1 чэрвеня на старонцы выдання «СБ. Беларусь Сегодня» ў Facebook з’явіўся рэпост, дзе беларусаў, якія падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў, называюць «адмарожанымі шукальнікамі прыгод на дупу». Гэта экстрэмісцкая публікацыя, палічылі актывісты «Грамадзянскага Форуму».
Гаворка ідзе пра рэпост публікацыі Міхаіла Малаша, якога «СБ. Беларусь Сегодня» прадставілі як палітычнага аналітыка, які выказаўся пра «перспектывы майданаў на Беларусі».
«Вот столько в 2-миллионном Минске политизированного оппозиционно-протестного меньшинства. Это оппозиционный ТУТ.Бай снял со своего квадракоптера сбор подписей за выдвижение в кандидаты в Президенты. (правда, если милиция начнёт стрелять в воздух и подгонять автозаки, их количество сократится раз в 20. Останется сотни полторы отмороженных искателей приключений на жопу. Можете сами по этому снимку заценить перспективы майданов в Белоруссии», — напісаў ён.
«Матэрыял падахвочвае праяўляць гвалт»
У тэксце прысутнічае разважанне на тэму «міліцэйскай стральбы і падгону аўтазакаў» на законнае мерапрыемства па зборы подпісаў. Актывісты лічаць, што ў гэтым відавочна прасочваецца пагроза бяспецы грамадзян, якія маюць права на свабоду думкі згодна з арт.33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Матэрыял падахвочвае праяўляць гвалт у дачыненні да грамадзян, якія маюць права на свабоднае волевыяўленне, паведамілі актывісты.
Беларусы, якія ўдзельнічаюць ў важным палітычным працэсе, названыя «адмарожанымі шукальнікамі прыгод на дупу», што дыскрымінуе насельніцтва, якая хоча праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю і палітычны ўдзел, дадалі актывісты.
Інфармацыя шкодзіць дзяржаўным інтарэсам
Актывісты стварылі петыцыю, дзе просяць Міністэрства інфармацыі вынесці папярэджанне газеце «СБ. Беларусь Сегодня». Петыцыю на раніцу 9 чэрвеня падпісалі 439 чалавек.
Актывісты накіруюць зварот у Мінінфармацыі, дзе папросяць вынесці афіцыйнае папярэджанне выданню пра парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусі, а таксама ліквідаваць парушэнні і апублікаваць абвяржэнне.
Распаўсюджаная інфармацыя шкодзіць дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, лічаць актывісты «Грамадзянскага Форуму».