Гродзенца Уладзіміра Кнігу затрымалі 4 чэрвеня прыблізна ў 15:00. Ён у якасці валанцёра дапамагаў выстаўляць на Савецкай плошчы пікет ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай.
«Мы выйшлі з машыны і сталі разгружацца. Да нас падбеглі два чалавекі ў цывільным з крыкам: „Ляжаць, міліцыя!“. Пасля падбеглі яшчэ трое супрацоўнікаў і загрузілі Уладзіміра ў бус. Нават і заступіцца не было каму», — распавядае яго сябар Алег.
Сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, якія збіраюць подпісы на Савецкай плошчы, расказалі Hrodna.life, што затрыманне Уладзіміра Кнігі можа быць звязана з падзеямі 29 траўня. Куды яго павезлі, пакуль невядома.
Уладзіміру каля 50 гадоў, ён працуе на адным з прадпрыемстваў Гродна.
Таксама вядома, што 4 чэрвеня затрымалі Вольгу Каракіну, каардынатарку ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці. Яе забралі з месца працы на міні-рынку па вуліцы Паповіча.
У кватэры правялі ператрус. «Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі са сваімі панятымі і замкнуліся ў кватэры разам з Вольгай», — распавяла Hrodna.life яе сяброўка Надзея. Праз некалькі гадзін, скончыўшы ператрус, супрацоўнікі канфіскавалі стары планшэт і тэлефон.
Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?
У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.
Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.
Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.
У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.