«Паняцці заўчаснай агітацыі выбарчае заканадаўства не ўтрымлівае», — так Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) адказала на атрыманыя звароты грамадзян. Яны былі звязаны з крытычным выказваннем Аляксандра Лукашэнкі аб яго магчымых суперніках на будучых выбарах і пра жанчын у цэлым.
На сайце ЦВК з’явіўся афіцыйны адказ на звароты, якія носяць масавы характар (больш за дзесяць зваротаў). У ЦВК паступіла мноства зваротаў аб нязгодзе з выказваннямі Лукашэнкі як магчымага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. На думку іх аўтараў, словы Лукашэнкі дыскрымінуюць беларускіх жанчын і парушаюць артыкул 47 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Абмежаванні пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі, агітацыі па рэферэндуму»).
У ЦВК патлумачылі, што паняцця заўчаснай агітацыі ў кодэксе няма:
«Артыкул 47 Выбарчага кодэкса, які ўстанаўлівае абмежаванні пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі, не ўжываецца да асоб, якія высоўваюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, бо ў ім прадугледжаны патрабаванні да агітацыйнай дзейнасці кандыдатаў у Прэзідэнты пасля іх рэгістрацыі. Паняцця заўчаснай агітацыі, на якую паказваюць заяўнікі, выбарчае заканадаўства не ўтрымлівае».
У сувязі з гэтым ЦВК лічыць, што няма прававых падстаў для вынясення патрабаванага папярэджання Аляксандру Лукашэнку як прэтэндэнту ў кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах.
На што скардзіліся людзі
На сустрэчы з рабочымі Мінскага трактарнага завода 29 мая дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даволі эмацыйна раскрытыкаваў сваіх магчымых супернікаў на выбарах. Таксама ён сказаў, што лічыць немагчымым, каб у Беларусі пасаду прэзідэнта заняла жанчына.
«У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай. У нас прэзідэнт — не Літва. Там прэзідэнт, была Даля Грыбаўскайтэ, прыйшла, паўсміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парламенцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзідэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы», — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.