Расійская актрыса Аляксандра Борціч выступіла ў падтрымку гродзенцаў, якія прыйшлі 31 траўня на Савецкую плошчу падпісацца за канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Відэа і словы падтрымкі яна апублікавала ў сторыс на сваёй старонцы ў Instagram.

«Людзі, які вар’яцкі гонар бачыць вашу сілу. Я ў захапленні велізарным! Прашу вас, не спыняйцеся, і мы будзем вольныя!», — напісала Аляксандра Борціч.

У актрысы беларускія карані. Яна нарадзілася ў Светлагорску, але пасля разводу бацькоў пераехала ў Гродна, дзе яе выхоўвала бабуля да 10 гадоў. У той час маці Аляксандры жыла ў Маскве, пасля яна забрала дачку да сабе.

Борціч любіць Гродна і час ад часу прыязджае ў гэты горад сустракацца з бабуляй і сябрамі. Пра актрысу загаварылі ў Беларусі пасля прэм’еры расійскага фільма «Вікінг» (2017), дзе Борціч грала ролю князёўны Рагнеды.

Чытайце таксама: Зорка «Вікінга» жыла ў Гродне. 10 фактаў пра акторку Аляксандру Борцiч, якая сыграла Рагнеду

Аляксандра Борціч — гэта тая самая актрыса, якая зайграла адну з галоўных роляў у папулярным фільме «Халоп». Фільм стаў самым касавым за ўсю гісторыю расійскага кінапрома (падлікі вядуцца з 2004 года), зарабіўшы больш за 3 млрд RUB у расійскім пракаце. Таксама Борціч здымалася ў фільмах «Духless 2», «Вікінг» і «Паліцэйскі з Рублёўкі».

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.