Як стала вядома Hrodna.life, супрацоўніка міліцыі, які пацярпеў падчас збору подпісаў на Савецкай плошчы 29 траўня, даставілі ў абласную бальніцу хуткай дапамогі.
У міліцыянта ўдар пярэдняй брушной сценкі, яго не шпіталізавалі. Таксама вядома, што па дапамогу да медыкаў звярнуўся яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі. Ён прыйшоў у цывільным адзенні,
але ніякіх цялесных пашкоджанняў у яго выяўлена не было.
Што здарылася ў Гродне?
Блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі ўвечары 29 траўня ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Разам з ім затрымалі яшчэ 9 яго прыхільнікаў.
Каля 100 удзельнікаў пікету пайшлі да будынку абласной міліцыі, каб патрабаваць вызвалення затрыманых.
У той жа вечар у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» паказалі сюжэт пра затрыманне Сяргея Ціханоўскага. Блогера назвалі «шырока вядомым у вельмі вузкіх колах зборшчыкам подпісаў» і расказалі, што, быццам бы, яшчэ з першых хвілін збор подпісаў перарос у мітынг, а праводзіць на дадзеным этапе выбарчай кампаніі агітацыю забаронена.
«Такая манера зносін з людзьмі перарасла ў бойку. Міліцыя апынулася ў эпіцэнтры бойкі, якую зладзілі на плошчы. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі падвергнуўся нападу», — сказаў вядучы.