Музыку Лены Патапавай на вуліцы Савецкай чуў ледзь не кожны гродзенец. Жанчына грае на акардэоне ў цэнтры Гродна больш за пяць гадоў і за гэты час стала адным з самых вядомых вулічных музыкаў у горадзе. Але з-за крызісу даходы ўпалі ў некалькі разоў і яна ўладкавалася ў адну з гарадскіх бальніц. Працуе ў тым ліку і з хворымі COVID-19.
З музыкай Лена звязаная з дзяцінства. Яна скончыла музычную школу і музычны каледж. Доўгі час грала на вяселлях, а пасля вырашыла паспрабаваць сябе на вуліцы.
«Музыка — гэта ўсё маё жыццё, — расказвае Лена. — З ёй я з трэцяга класа, з чырвоным дыпломам заканчвала музычную школу. У вучылішчы грала на габоі. На вуліцы я граю каля 15 гадоў, у цэнтры — больш за 5».
Народныя песні і трохі шансона
Рэпертуар Лены моцна адрозніваецца ад таго, што граюць іншыя музыкі на Савецкай. Яна імкнецца граць даўно забытыя песні і нагадваць мінакам аб савецкім мінулым.
«Рэпертуар у мяне не такі ўжо моладзевы, але жанчыны і мужчыны савецкіх часоў вельмі задаволеныя. Тое, што я граю на акардэоне, ніхто на гітары не зайграе. У мяне ў рэпертуары народныя песні, трохі шансона. Бывае, людзі падыходзяць і заказваюць песні, я імкнуся выконваць пажаданні».
Заробку няма — пайшла ў бальніцу
Каранавірус моцна ўдарыў па заробку вулічных музыкаў. На пешаходнай вуліцы іх стала ў разы менш. Калі раней Лена грала кожны дзень, то зараз на Савецкай яна з’яўляецца толькі два разы на тыдзень.
«У мінулым годзе ў цэнтры працавала шмат розных пунктаў грамадскага харчавання і наведвальнікі заўсёды падыходзілі да мяне.
А колькі турыстаў было: хацелася граць на вуліцы для іх. А што зараз? Заробку няма. Таму я і пайшла шукаць працу. Уладкавалася ў бальніцу санітаркай. Гэта асабістае — мама працавала калісьці. Вось і я зараз дапамагаю людзям, важу на каталцы каранавірусных хворых і не толькі».
Людзі ў бальніцы пазнаюць
Лена кажа, што цяпер сумяшчае дзве працы: любімую і патрэбную. Змена ў бальніцы доўжыцца 12 гадзін, яна часта выходзіць у ноч.
«У пандэмію не кожны б адважыўся пайсці працаваць у бальніцу, але я пайшла. Абараняемся там як можам. Пакуль мне падабаецца сумяшчаць музыку і працу ў бальніцы. Прыемна, калі людзі ў прыёмным аддзяленні мяне пазнаюць. А гэта і лекары, і хворыя і нават інкасатары, з якімі на Савецкай часта сустракаюся. Усе дзівяцца, што я цяпер у бальніцы працую. Калі-небудзь гэта павінна было адбыцца».
Чытайце таксама:
В Гродно на Советской чистка: милиция взялась за уличных музыкантов
«Уехал чтобы не пить». Уличный музыкант из Гродно автостопом добрался до Китая
«Лёс прымусіў граць на вуліцы». Баяніст Лёня прыязджае ў Гродна са Слоніма